Суд Чыгуначнага раёна Гомеля 30 лістапада аштрафаваў журналіста-фрылансера Андрэя Толчына на 25 базавых велічыняў (575 рублёў) за сюжэт на «Белсаце», які называўся: “40 градусаў, пагрозы і вада з туалета. Працаўнікі гомельскага “Каштану” пра невыносныя ўмовы". Пра гэты паведаміла "Беларуская асацыяцыя журналістаў".
Напярэдадні суддзя Чыгуначнага райсуда Яўген Шаршнёў за гэты ж самы сюжэт аштрафаваў на 690 рублёў гомельскага незалежнага журналіста Кастуся Жукоўскага, прызнаўшы яго вінаватым ў вырабе і распаўсюдзе сюжэту для польскага тэлеканала “Белсат” без акрэдытацыі ў беларускім МЗС.
Андрэй Толчын, у сваю чаргу, патлумачыў, што 3 кастрычніка быў каля прадпрыемства “Каштан”, каб абараняць Жукоўскага ад “непісьменных міліцыянтаў, неадэкватных асобаў, якія, бывае, кідаюцца на журналіста з відэакамэрай”. А яшчэ – трымаў мікрафон і вёў перамовы з нарадам міліцыі, што прыехаў да прахадной прадпрыемства па выкліку ахоўнікаў.
“На відэа бачна, што вы стаіце з мікрафонам побач з маладым чалавекам. Вы бралі ўдзел у апытанні?” – пацікавіўся суддзя Шаршнёў у Андрэя Толчына.
“Я трымаў мікрафон, але пытанняў не задаваў, – адказаў Толчын. – Я гутарыў толькі з міліцыянтамі, тлумачыў, што відэаздымкі робяцца ў грамадскім месцы – Канстытуцыяй гэта не забараняецца. Куды і якім чынам адпраўляліся відэаздымкі, я не ведаю. Я гэтым не займаюся. У мяне няма працоўных дамоваў з аніякімі СМІ – ні з беларускімі, ні з замежнымі”.
Кастусь Жукоўскі, які выступіў сведкам у адміністрацыйнай справе Толчына, пацвердзіў, што той толькі трымаў мікрафон, пытанняў мінакам не задаваў, відэаздымкаў не меў, таму і не мог іх нікуды даслаць.
У выніку суддзя Шаршнёў, які разглядаў адміністрацыйны пратакол, складзены міліцыяй у дачыненні Толчына, прыйшоў да высновы, што пацвярджэнняў распаўсюду відэаздымкаў няма. Ёсць толькі выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі – Толчын трымаў мікрафон. Адсюль і штраф у 25 базавых велічыняў – на пяць меншы, чым ў Жукоўскага.
“Міліцыя не высвятляе першапачаткова, ці з’яўляюцца фрылансеры супрацоўнікамі таго ж “Белсата”. Адразу вінаваціць, што фрылансеры вырабілі відэасюжэт без акрэдытацыі, якой яны не маюць і ніколі мець не будуць. Суды гэтая акалічнасць таксама не надта цікавіць. Далі штраф – папоўнілі бюджэт. А што там на тым прадпрыемстве, чаго людзі абураюцца – гэта ўжо мала каго цікавіць”, – сказаў пасля агалошвання пастановы суда Андрэй Толчын.
Сёлета гэта ўжо пяты штраф фрылансера Толчыну паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП. Агулам сума штрафаў склала 3795 рублёў.