Віктар Скрундзік у судзе. Фота: spring96.org На сёння, 4 траўня, прызначаная дата разгляду ў Вярхоўным судзе апеляцыйнай скаргі асуджанага да смяротнага пакарання жыхара Слуцкага раёна Віктара Скрундзіка.

Яшчэ 6 сакавіка 2020 года Мінскі абласны суд на выязным пасяджэнні ў Слуцку абвясціў прысуды "слуцкай бандзе". Жыхароў Слуцкага раёна абвінавацілі ў забойстве пенсіянераў і замаху на забойства 85-гадовай жанчыны.

Трое фігурантаў справы былі прысуджаныя да вялікіх тэрмінаў зняволення (Валянцін Бушнін, Сяргей Захарчанка і Віталь Мяцеж), а Віктар Скрундзік – да смяротнага пакарання.

Прысуд быў абскарджаны ў Вярхоўным судзе Беларусі і 30 чэрвеня 2020 года калегія Вярхоўнага суда па крымінальных справах агучыла рашэнне, якім задаволіла апеляцыйную скаргу і адмяніла смяротны прысуд Віктару Скрундзіку.

Справу вярнулі на новы разгляд у Мінскі абласны суд, які ў другі раз на выязным пасяджэнні ў Слуцку 15 студзеня 2021 года агучыў прысуд ў дачыненні да Віктара Скрундзіка і яшчэ траіх жыхароў Слуцкага раёна. Працэс пачаўся 7 верасня, але 12 кастрычніка, калі ў судзе павінны былі заслухаць апошнія словы абвінавачаных, судовыя працэсы некалькі разоў пераносіліліся па прычыне COVID-19.

Ранейшыя прысуду ўсім чатыром фігурантам справы пакінулі без зменаў.

Крыніца: У Вярхоўным судзе будзе разглядацца апеляцыйная скарга асуджанага да смяротнага пакарання Віктара Скрундзіка