Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу. Беларусаў і беларусак забіраюць з дома, затрымліваюць на працы, адбываюцца вобшукі і допыты. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Ціск на краму Honar

Да беларускіх дызайнераў Honar прыйшла праверка Дзяржстандарту, піша "Еўрарадыё".

“Супрацоўнікі апісваюць адзенне, па іх трэміналогіі — адбіраюць вопратку на нейкі аналіз. Нешта правяраюць, патрабуюць паказаць то адны, то другія дакументы. Прыйшлі недзе ў 13:00”, — каментуе са стваральнікаў брэнда Павел Доўнар.

Пяты фігурант справы "пра спробу перавароту ў Беларусі" 

Дзяніс Краўчук. Фота - euroradio.fm
Дзяніс Краўчук. Фота: euroradio.fm

Стала вядома імя пятага затрыманага па справе Зянковіча і Фядуты. Гэта 35-гадовы дальнабойшчык з Нарачы Дзяніс Краўчук, піша "Наша Ніва".

Перад прэзідэнцкімі выбарамі-2020 Дзяніса затрымалі як назіральніка і асудзілі да 10 сутак арышту. Пасля ён адбываў пакаранне ў адной камеры з Юрасём Зянковічам, якога затрымалі за акцыю пратэста ў Мядзелі 9 жніўня. "Шчыльна яны не стасаваліся", — пераконвае мама Краўчука.

Затрыманні ў Мінску

Сёння ў Мінску затрымалі Мікалая Канстанцінавіча Наліўку. Супрацоўнікі сказалі, што адвязуць у РУУС Фрунзенскага раёна, але жонка яго там не можа знайсці. 

Міліцыя пацвердзіла затрыманне доктара Аляксандра Цялегі

Згодна з паведамленнем МУС, Цялега быў затрыманы ў Барысаве супрацоўнікамі гродзенскага ўпраўлення ўласнай бяспекі МУС.

Доктара падазраюць у тым, што ён у тэлеграме пакідаў абразлівыя каментары ў дачыненні да міліцыянераў, супрацоўнікаў судоў і пракуратуры. Распачатая крымінальная справа за абразу прадстаўніка ўлады па арт. 369 Крымінальнага кодэкса.

Палітзняволеную Ганну Панішаву перавялі з СІЗА-7 ў СІЗА-1

Па інфармацыі брэсцкай "Вясны", на пачатку тыдня Ганна Панішава знаходзіцца ў Мінску, ў СІЗА-1. Нагадаем, што палітзняволеная была затрыманая амаль 2 месяцы таму, 12 сакавіка, з-за справы Польскай школы. Па меркаванню следства, школа правяла мерапрыемства па "гераізацыі ваенных злачынцаў". Узбуджана крымінальная справа па арт. 130 Крымінальнага кодэксу, Панішава з'яўляецца фігуранткай дадзенай справы.

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Хроніка палітычнага пераследу 6 траўня