Валянцін Стэфановіч. Фота: svaboda.org Юрыст Праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянцін Стэфановіч распавёў "Радыё Свабода" пра палітычных зняволеных, якія зарах знаходзяцца за кратамі, і пра тых, хто можа павялічыць іх спіс. 

На сайце «Вясны» ў раздзеле «спіс палітычных вязняў» можна знайсці звесткі пра двух палітвязняў, якіх прызналі беларускія праваабаронцы. Гэта грамадскі актывіст Дзмітрый Паліенка і праваабаронца, былы выкладчык Міхаіл Жамчужны.

Валянцін Стэфановіч падкрэслівае, што гэта рашэнне не толькі «Вясны», а супольнае, і пералічвае партнэраў — «Беларускі Хельсінкскі камітэт, Асамблея няўрадавых арганізацый, Дом правоў чалавека імя Звозскава, БАЖ ды іншыя» — якія прызналі Паліенку і Жамчужнага палітвязнямі. Больш, на думку праваабаронцаў, у Беларусі палітвязняў няма.

«Справа гэтак званых антыфашыстаў, у якой фігуруе Ілля Валавік з сябрамі, для нас адназначна хуліганская. Доказаў, што там нейкі палітычны пераслед, акрамя пэўных заяў, няма ніякіх», — кажа праваабаронца «Вясны».

Дзмітрый Паліенка

Сацыяльны актывіст, былы працаўнік МТЗ Дзмітрый Паліенка адбывае 2,5 года зняволення паводле абвінавачвання ў нападзе на міліцыянта і распаўсюджваньні ў інтэрнэце парнаграфіі. Віны ў гэтым ён не прызнаў і патлумачыў сваю справу пераследам за палітычныя погляды. Праваабаронцы з гэтым пагадзіліся. 

Дзмітрый Паліенка. Фота
Дзмітрый Паліенка. Фота "Радыё Свабода"

Летась Паліенка ўжо быў у спісе палітвязняў, які на некалькі месяцаў пакідаў. Гэта адбылося пасля суду над актывістам у кастрычніку 2016 году. Да таго Паліенка адбыў амаль 5 месяцаў за кратамі пасля арышту падчас вулічнай акцыі «Крытычная маса» ў траўні 2016 году, калі ён нібыта парваў супрацоўніку ДАІ вопратку. Пакуль Паліенка сядзеў на «Валадарцы» падчас следства, яго прызналі палітвязнем і запатрабавалі вызваліць.

Стэфановіч мяркуе, што гэта спрацавала, бо ў выніку суд хоць і прызнаў віну актывіста даказанай і даў яму 2,5 года зняволення, але з адтэрміноўкай. Актывіста вызвалілі ў залі суду. Неўзабаве праваабаронцы выключылі яго са спісу палітвязняў, але — ненадоўга. Ужо праз паўгады, пасля сёлетняга Дня Волі, актывіста зноў арыштавалі ды судзілі за парушэнне ўмоў адбыцця пакарання. Умовы ён парушыў тым, што хадзіў на вулічныя акцыі і ў Курапаты ды гучна пратэставаў у судзе супраць несправядлівых прысудаў. Гэтак умоўнае пакаранне стала для Паліенкі рэальным.

Цяпер Паліенка сядзіць у Бабруйскай калоніі, дзе яго ўжо некалькі разоў змяшчалі ў карцэр. На волю актывіста выпусцяць у будучым кастрычніку.

«Калі яшчэ не „прычэпяць“ яму 411 артыкул», — дадае Стэфановіч.

Праваабаронца нагадаў, што вядомая праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» нядаўна таксама прызнала Паліенку вязнем сумлення ды рыхтуе міжнародную кампанію салідарнасці з ім.

Міхаіл Жамчужны

Былы выкладчык з Віцебску, адзін з заснавальнікаў праваабарончай арганізацыі «Платформа» Міхаіл Жамчужны адбывае 6,5 года зняволення за спробу набыць засакрэчаную інфармацыю пра міліцыю і спробу даць міліцыянту хабар. Гэта другая адседка Жамчужнага. Беларускія праваабаронцы перакананыя, што справа Міхаіла Жамчужнага сфабрыкаваная і што зроблена гэта дзеля таго, каб адпомсціць яму за праваабарончую дзейнасьць. 

Міхаіл Жамчужны. Фота: svaboda.org

«Гэта была правакацыя КДБ, адназначна», — кажа Стэфановіч.

На думку праваабаронцаў, сітуацыя з Жамчужным яшчэ больш складаная, чым з Паліенкам. Воля Жамчужнаму «свеціць» толькі праз 3 гады, прычым яму таксама пагражае 411 артыкул, які ўжываюць за «непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі» і гэтак дадаюць да тэрміну год. У Жамчужнага ўжо некалькі спагнанняў, якія ён спрабуе аспрэчыць, але пакуль марна. Да таго ж на яго ціснуць, як калісці на Андрэя Бандарэнку — спрабуюць перавесці ў разрад «вязняў з нізкім статусам». Але калі за Паліенку заступаюцца міжнародныя праваабаронцы, дык за Жамчужнага — пакуль толькі беларускія.

«Ягоная справа для замежнікаў досыць спэцыфічная. Ім цяжка даказаць, што Жамчужны рэалізоўваў нейкае сваё права, калі спрабаваў набыць за грошы ў міліцыянтаў іх службовую інфармацыю. Для нас — так, гэта дакладна зразумела, што была правакацыя спецслужбаў, прычым шматразовая. Бо ягоныя прапановы набыць інфармацыю маглі адразу спыніць, але наўмысна не спынялі, каб даць большы тэрмін», — мяркуе Стэфановіч.

4 кандыдаты: 1 «легіянкр» і 3 «рэгнумаўцы»

«Паглядзім, што будзе на працэсе аўтараў „Рэгнуму“ і ці давядуць да суду справу пра патрон Бяляўскага. Ад гэтага залежыць, ці павялічыцца сьпіс палітвязняў. Пакуль на ўступленне ў спіс яшчэ 4 кандыдаты», — кажа Стэфановіч.

Праваабаронца мае на ўвазе крымінальную справу аб распальванні міжнацыянальнай варожасьці, заведзеную на аўтараў інтэрнэт-агенцтва Regnum Юрыя ПаўлаўцаДзмітрыя Алімкіна і Сяргея Шыпценку. Працэс над аўтарамі пачнецца 18 снежня ў Мінскім гарадскім судзе. 

Сяргей Шыпценка. Фота
Сяргей Шыпценка. Фота "Радыё Свабода"

Паводле абвінавачання, аўтары «Рэгнуму» распальвалі варожасць да кіраўніцтва Беларусі. Праваабаронцы ставяцца да гэтага крытычна. Стэфановіч мяркуе, што да назірання за працэсам павінен быць такі самы падыход, як падчас суду над блогерам Эдуардам Пальчысам, якога вінавацілі ў распальванні варожасці да Расіі.

«Трэба будзе адказаць на пытанне, гэта падпадае пад дапушчальнае абмежаванне свабоды выказвання думак ці не падпадае. Калі не падпадае, дык гэта будзе лічыцца палітычным пераследам. Нам могуць не падабацца іхн ідэі, мы можам іх абсалютна не падтрымліваць, але гэта не азначае, што за іх трэба саджаць у турму», — кажа Стэфановіч.

Праваабаронца звяртае ўвагу і на тое, што аўтары агенцтва «Рэгнум» знаходзяцца пад вартай ужо больш за год, пры гэтым афіцыйныя расійскія мэдыа вядуць у Беларусі сваю прапаганду без аніякіх перашкод.

«Як гэта супаставіць? Магчыма, яны сталі нейкай разменнай манетай у гульнях нашага кіраўніцтва з расійскім», — не выключае Стэфановіч.

Андрэй Бяляўскі

Чацьвёртым кандыдатам у спіс палітвязняў Стэфановіч лічыць былога фігуранта справы «Белага легіёну» Андрэя Бяляўскага, якому днямі выставілі абвінавачанне ў захоўванні патрона. Калі дойдзе да зняволення паводле прысуду, гэта адназначна прывядзе да прызнання Бяляўскага палітвязнем, папярэджвае Стэфановіч. Аднак у такі вынік праваабаронца амаль не верыць і спасылаецца на рашэнне Следчага камітэту па справе «Белага легіёну». 

Андрэй Бяляўскі
Андрэй Бяляўскі. Фота з Facebook

«Калі ўжо па ёй прызналі, што нібыта злачынства было, але малазначнае, і справу закрылі, дык што казаць пра адзін патрон, які захоўваўся як сувенір? Да таго ж у нас ужо ёсць прыклад справы няшчаснага француза, які 4 месяцы правёў у СІЗА за такі самы патрон, але ў выніку суд яго апраўдаў. Будзем сачыць. Мяркую, і ў справе Бяляўскага вынік будзе такі самы», — кажа Стэфановіч.

Экс-палітвязні

Цягам 2017 году ў спісе палітвязняў быў актывіст Вячаслаў Касінераў, якога вінавацілі ў пашкоджанні скульптуры міліцыянта ў Мінску. Суд абмежаваўся штрафам, пасля чаго праваабаронцы выкраслілі Вячаслава Касінерава са спісу палітвязняў. 

Вячаслаў Касінераў. Фота
Вячаслаў Касінераў. Фота "Белапан"

Летась гэтаксама пакінуў спіс палітвязняў блогер Эдуард Пальчыс, які да суду адбыў некалькі месяцаў за кратамі. 

Эдуард Пальчыс. Фота
Эдуард Пальчыс. Фота "Радыё Свабода"

Паводле Стэфановіча, супольныя заявы праваабаронцаў адносна прызнання таго ці іншага актывіста палітвязнем цягам апошніх гадоў дзейнічаюць:

«Альбо вызвалялі неўзабаве, альбо не саджалі — але сапраўды часта дапамагала».

Крыніца: 2+4. Беларускія праваабаронцы пра колькасць палітвязняў і кандыдатаў у палітвязні