У Мінску працягваюць судзіць аўтараў расійскага інфармагенцтва Regnum, якім пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні ў распальванні нацыянальнай варожасці ў складзе групы асобаў, паведамляе БАЖ. У другі дзень перад працэсам у залі каля 30 чалавек, учорашняга ажыятажу няма. Сярод іх, як і ўчора, праваабаронцы Андрэй Бастунец, Алег Агееў, Павел Сапелка.
Суд вырашыў змяніць парадак разгляду доказаў і спачатку дапытаць Аляксея Шыптэнку – бацьку Сяргея Шыптэнкі. Але пытанняў да яго ў бакоў працэсу не апынулася, таму суд пераходзіць да допыту абвінавачанага Дзмітрыя Алімкіна. Ён кажа, што у яго шмат спецыяльнасцяў па жыцці: інжынер-механік, эканаміст-менеджар, юрыст.
Па сутнасці справы гаворыць, што адпраўляў свае матэрыялы Юрыю Баранчыку, які працуе у інфармагенцыі “Рэгнум”. З Баранчыкам пазнаёміўся на адным з форумаў у інтэрнэце, ніколі асабіста не сустракаўся. Пра “Рэгнум” кажа, што гэта зарэгістраванае інфармацыйнае агенцтва Расіі.
Алімкін сцвярджае, што з іншымі абвінавачанымі пазнаёміўся пры азнаямленні з матэрыяламі справы перад судом.
Падсудны распавядае, што Баранчык прапанаваў яму пісаць тэксты. Спачатку размова пра ўзнагароджанне не ішла, потым была дамоўленасць пра прыкладна 50 даляраў за кожны тэкст. Грошы перасылаліся праз сістэму Western union. Было напісана каля 45 матэрыялаў на тэму сітуацыі ў Беларусі.
Алімкін кажа, што ніхто тэмы яму не замаўляў. Ён сам прымаў рашэнне напісаць на тую ці іншую тэму: матэрыялы падпісваліся невядома кім – нейкай Алай Бронь. Гэтым псеўданімам падпісваліся не толькі мае тэксты, але і некалькі чужых.
"Для мяне было важна публікаваць тэксты на сайце агенцтва “Рэгнум”, бо там мае думкі чытала значна больш людзей, чым у маім асабістым блоге. Асноўная тэматыка артыкулаў была пра тое, што ў Беларусі адбываецца нешта не добрае. У прыватнасці, распальванне нацыяналізму і русафобіі", - падкрэсліў Дзмітрый Алімкін.
Алімкін кажа, што пісаў пра тое, што ў Беларусі адбываецца спрыянне русафобам.
"Мае артыкулы – гэта маё асабістае меркаванне, выкладзенае ў тэксце. Тое, што гаворыцца ў абвінавачанні — гэта таксама меркаванне. Але чамусьці дзяржава прымяняе сілавыя метады, каб даводзіць сваё меркаванне. Таму мы сёння за кратамі. Хоць па вялікім рахунку, прадмет спрэчкі — гэта дыскусія меркаванняў.
Так, я крытыкаваў дзяржаву. Я маю на гэта права. Я лічу, што гэта не можа быць прызнана правапарушэннем. А варожасць я не распальваў", - сказаў ён.
Алімкін гаворыць, што многія нацыі у свеце былі створаныя штучна, і нідзе гэта не выклікае абвінавачанняў у распальванні варожасці.
"А ў нашым выпадку выказаныя мной сумневы адносна стварэння тысячагадовай беларускай нацыі трактуецца як нейкае распальванне", - кажа ён.
Пракурор, суддзя і прысяжныя засядацелі уважліва слухаюць выказванні Алімкіна. Час ад часу на фоне слоў Алімкіна гучаць перамовы міліцыянтаў па рацыі.
Пытанні Алімкіну задае іншы абвінавачаны Сяргей Шыптэнка. Пытанні тычацца экстрэмізму, некаторых дыскусійных тэмаў з артыкулаў Алімкіна. Размова ідзе пра моўныя прыёмы, выкарыстаныя ў артыкулах Алімкіна. Абвінавачаныя абмяркоўваюць якасць псіхолага-лінгвістычнай экспертызы артыкулаў.
Дзмітрый Алімкін гаворыць, што не заяўляў хадайніцтваў на альтэрнатыўную экспертызу, бо баяўся за экспертаў. Гаворыць, што незалежныя эксперты тады маглі б таксама трапіць за краты.
Алімкін мяркуе, што страх выклікае рэжым этнакратыі, які створаны ў Беларусі.
"Па-іншаму гэта можна назваць фашызмам альбо нацызмам, але гэта вельмі груба", — гаворыць Алімкін.
Чытайце таксама: Першы дзень судовага паседжання
Нагадаем, Юрый Паўлавец, Дзмітрый Алімкін Сяргей Шыптэнка былі затрыманыя ў снежні 2016 года і з таго часу знаходзяцца пад арыштам. На іх завялі крымінальную справу па ч. 3 арт. 130 (Распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розніцы, здзейсненае групай асоб, - ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі).
У чэрвені на Паўлаўца і Шыпценка завялі новую крымінальную справу па артыкуле аб незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці.
У сакавіку ў Маскве па запыце беларускіх следчых затрымалі шэф-рэдактара «Рэгнум», беларускага грамадзяніна Юрыя Баранчыка. Але экстрадыцыя не адбылася - маскоўскі суд вызваліў яго з-пад арышту. Сам Баранчык падаў прашэнне аб палітычным прытулку.
Адпусціць публіцыстаў заклікала арганізацыя «Рэпарцёры без межаў». Вядучыя беларускія праваабаронцы ў студыі TUT.BY распавялі, што пакуль не бачылі матэрыялаў справы, дастатковых для таго, каб назваць затрыманых палітвязнямі. Аднак кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец заявіў, што, нягледзячы на сваю нязгоду з пазіцыяй абвінавачаных, ён лічыць пазбаўленне волі «відавочна непрапарцыйным».
Крыніца: Справа "Рэгнума": У другі дзень суда дапытваюць саміх аўтараў Дапоўнена