Пракуратура Мінскай вобласці адмяніла рашэнне УСК аб спыненні крымінальнай справы па факце смерці 29 студзеня 2016 года ў Жодзінскай турме №8 жыхара Мінска Алега Багданава. Справа накіраваная для арганізацыі новага расследавання начальніку УСК па Мінскай вобласці.
Сваякі памёрлага ў Жодзінскай турме №8 Алега Багданава працяглы час з дапамогаю Праваабарончага цэнтра “Вясна” дамагаліся ўзбуджэння крымінальнай справы па факце неналежнага выканання медыцынскімі работнікамі турмы сваіх прафесійных абавязкаў, у выніку чаго іх хворы сын памёр у турме. Так, маці памёрлага Марына Багданава накіроўвала свае скаргі начальніку Жодзінскага ГАСК, пракурору г. Жодзіна, у Мінскую абласную пракуратуру. Аднак усе яе звароты былі марныя: крымінальную справу не ўзбуджалі, неаднаразова прымаючы рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні. Толькі ў кастрычніку 2016 гады пасля асабістага прыёму старшынёй Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Наскевічам І.Д. і па яго непасрэдным указанні УСК па Мінскай вобласці была ўзбуджаная крымінальная справа па ч.2 ст.162 КК. Аднак 12 мая 2017 года папярэдняе расследаванне па крымінальнай справе спынена на падставе п.2 ч.1 арт. 29 КПК, у сувязі з адсутнасцю складу злачынства ў дзеяннях службовых асоб.
Паколькі, на думку сваякоў Багданава, пры расследванні засталіся нявысветленымі многія пытанні, якія маюць дачыненне да справы, у пракуратуру вобласці у лістападзе была накіраваная адпаведная скарга. І вось нарэшцэ напрыканцы снежня Пракуратура Мінскай вобласці даслала Марыне Багданавай адказ.
“На Ваш зварот аб нязгодзе з рашэннем аб спыненні папярэдняга расследавання па крымінальнай справе… паведамляем наступнае. Па выніках вывучэння матэрыялаў крымінальнай справы пастанова следчага па асабліва важных справах УСК па Мінскай вобласці А. Канцавога аб спыненні крымінальнай справы адменена… Справа для арганізацыі раследвання накіраваная начальніку УСК па Мінскай вобласці. Аб прынятым рашэнні Вам будзе паведамлена дадаткова”.
Трэба нагадаць, што ў 2014 годзе Алег Багданаў, 1974 года нараджэння, перанёс аперацыю на сэрцы (пратэзаванне аартальнага клапана), з'яўляўся інвалідам 3-ці групы і меў патрэбу ў пастаяннай кваліфікаванай медыцынскай дапамогі, назіранні ўрача-кардыёлага. Пасля аперацыі неабходна было прымаць адмысловыя лекі, рэгулярна праводзіць лабараторныя абследавання, назірацца ў кардыёлага, рабіць ЭКГ. Бацькі зрабілі ўсё, што змаглі ў гэтай сітуацыі: перадалі турэмным лекарам ўсе неабходныя медыцынскія заключэнні, лекі, спіс неабходных працэдур. Аднак засталіся нявысветленымі многія пытанні, якія маюць дачыненне да справы: супярэчнасці і нестыкоўкі ў паказаннях сведкаў, замоўчванне фактаў, ігнараванне матэрыялаў, якія маглі б праліць святло на акалічнасці трагедыі, напрыклад відэа з камеры назірання апошніх хвілін жыцця Алега Багданава. Нават тое, што зафіксавана ў журналах агляду і прызначэнні працэдур для хворага, на думку Марыны Багданавай, таксама пакідае шмат пытанняў.
Крыніца: Справа Алега Багданава: пракуратура вымушана рэагаваць