На фоне калядных святаў паволі актывізуюцца штабы вылучэнцаў у кандыдаты ў дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў 28 склікання. Найчасцей першыя перадвыбарчыя пікеты выклікаюць у мінакоў цікавасць, аднак здараецца і наадварот: пільныя грамадзяне насцярожана абыходзяць месцы дазволеных перадывыбарчых пікетаў бокам: “Што за сцягі? Несанкцыянаваны пікет?”. Відаць, многім яшчэ бракуе інфармацыі пра маючыя адбыцца 18 лютага 2018 года выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Гародня. Першы перадвыбарчы пікет, арганізаваны прадстаўнікамі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, прайшоў 23 снежня ў абласным цэнтры ў падтрымку кандыдата ў дэпутаты мясцовых саветаў Яўгена Дудкіна. Акцыя пад бел-чырвона-белымі сцягамі праходзіла у мікрараёне Альшанка. Фотарэпартаж з пікета змяшчае “Гарадзенская Вясна”.
Віцебск. Сябры партыі “Справядлівы свет” правялі ў Віцебску чарговы перадвыбарчы пікет 25 снежня. Па інфармацыі “Віцебскай Вясны”, За асноўныя мэты мерапрыемства пікетоўцы ўзялі азнаямленне віцеблян з партыйнымі вылучэнцамі і збор подпісаў для рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. Пікет праходзіў у прасторы паміж прыпынкам грамадскага транспарту і гандлёвым цэнтрам “Марка-Сіці”.
Магілёў: Удзельнікі ініцыятывы «Адкрыты горад», якая сабрала пад агульнымі лозунгамі 11 вылучэнцаў у кандыдаты ў дэпутаты, ужо тыдзень ладзяць пікеты ў розных раёнах абласнога цэнтра. На адным з перадвыбарчых пікетаў пабывалі журналісты Белсата.
У Берасці першы пікет яшчэ 10 снежня правяла ініцыятыўная група за вылучэнне Ганны Канюс кандыдатам у дэпутаты Брэсцкага гарадскога Савета ў мікрараёне Усход насупраць гіпермаркета Green. Прысутнасць прэтэндэнткі, зладжаная праца каманды і адкрытасць актывістаў выклікала цікавасць у мінакоў.
Мінск. Найбольш упадабанае месца для перадвыбарчых пікетаў – пляцоўка каля Камароўскага рынку. Тут практычна штодня актыўнічаюць ініцыятыўныя групы партыі АГП і кампаніі “Гавары праўду”.
Так, кампанія «Гавары праўду» 16 снежня правяла пікет з удзелам патэнцыйных кандыдатаў Мінскага гарсавета. Пікет адбыўся на пляцоўцы перад Камароўскім рынкам у Менску. Прысутнічалі патэнцыйныя кандыдаты і члены іх каманд. Мінакі маглі не толькі аддаць подпіс за вылучэнне кандыдата, але і атрымаць адказы на пытанні.
З “добрым настроем, прыгожымі сцягамі, віншаваннямі ад Санты” правялі 24 снежня пікет актывісты вылучэнцаў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Ролю Санта Клаўса выконваў старшыня партыі Анатоль Лябедзька.
А 24 снежня сябры Беларускай хрысціянскай дэмакратыі па сканчэнні ў Менску партыйнага з’езду накіраваліся да Чыгуначнага вакзалу, дзе правялі пад бел-чырвона-белымі і партыйнымі сцягамі вялікі пікет з удзелам розных прамоўцаў і кіраўніцтва БХД. Пікет праходзіў на акрузе, дзе балатуецца прэс-сакратар БХД Максім Гацак.