21 снежня ў Мінску адбылося ўзнагароджанне лаўрэатаў прэміі “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці”, якую ўжо ў дзевяты раз праводзіла Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый. 

Сёлетні шорт-ліст склаўся з 118 прапаноў у 9 намінацыях.

У намінацыі “Лідэр/лідэрка года” перамог Сяргей Драздоўскі, каардынатар Офісу па правах людзей з інваліднасцю, лідэр кампаніі “Павестка 50”, накіраванай на распаўсюд у малых гарадах інфармацыі пра ратыфікаваную Беларуссю Канвенцыю па правах людзей з інваліднасцю. Узнагароджваў пераможцу старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” і сябра Рады Асамблеі НДА Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі ўзнагароджвае
Алесь Бяляцкі ўзнагароджвае "Лідэра года" Сяргея Драздоўскага

Прэмію Асамблеі ў намінацыі “Новая ініцыятыва” атрымалі адразу два намінанты - Грамадскі рух “Дзея” і віцебская ініцыятыва Хайсы

Пераможцы ў намінацыі
Пераможцы ў намінацыі "Новая ініцыятыва" - Грамадскі рух "Дзея" і ініцыятыва Хайсы

У намінацыі “Крэатыў года” перамагло мерапрыемства “Ноч расстраляных паэтаў”, якое адбылося з 29 на 30 кастрычніка ў Курапатах, у гадавіну ночы, калі НКВД расстраляла цэлую групу выбітных беларускіх літэратараў. Прэмію атрымалі арганізатары мерапрыемства, грамадская актывістка Наста Дашкевіч і паэт Уладзімір Някляеў

Уладзімір Някляеў і Наста Дашкевіч
Уладзімір Някляеў і Наста Дашкевіч

У намінацыі “Партнёрства года” лепшай прызналі ініцыятыву “Беларускія ўікэнды”, якая паспяхова ладзіць кінапаказы на беларускай мове. А самай знакавай рэгіянальнай падзеяй сталі  “маршы недармаедаў” супраць Дэкрэта №3, якія адбыліся гэтай вясной у розных гарадах Беларусі. 

“Маршы недармаедаў” супраць Дэкрэта №3 - лепшая рэгіянальная падзея 2017 года
“Маршы недармаедаў” супраць Дэкрэта №3 - лепшая рэгіянальная падзея 2017 года

У намінацыі “Мэдыя/журналіст года/журналістка года” пераможцам стаў гомельскі відэаблогер Максім Філіповіч, які актыўна асвятляў падзеі пратэстнай вясны. Лепшымі ў намінацыі “Мэдыяактыўнасць года” сталі сацыяльныя сеткі пошукава-выратавальнага атраду “Анёл”.

У намінацыі “Кампанія года” прыз атрымалі ініцыятары грамадскай кампаніі ў абарону Курапат, вынікам якой стала спыненне будаўніцтва будынку ля месца масавых расстрэлаў.

Актывісты
Актывісты "Маладога фронту" атрымліваюць узнагароду ў намінацыі "Кампанія года"

Не абыйшлося і без антыпрэміі “Гарбуз года”, якая ўручаецца інстытутам і дзяржаўным органам, якія заміналі працы беларускіх НДА. У гэтым годзе яе заслужана атрымаў Камітэт дзяржаўнай бяспекі за распачатаю ім справу аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў (справа “Белага легіёну”). 

КДБ атрымаў антыпрэмію
КДБ атрымаў антыпрэмію "Гарбуз года"

 

Прэмія “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці” адзначае найбольш значныя і яскравыя падзеі ў жыцці трэцяга сэктару. 23 снежня 2009 году ўпершыню адбылася нефармальная цырымонія ўзнагароджання найбольш выбітных грамадскіх ініцыятыў ды кампаній. Прэмія заснаваная Асамблеяй НДА. Пераможцаў абірае журы, у якое ўваходзяць сябры Рабочай групы, грамадзкія лідэры і экспэрты, пераможцы прэміі мінулых гадоў, журналісты.

Крыніца: У Мінску ўзнагародзілі Чэмпіёнаў грамадзянскай супольнасці 2017 года Фота