Заява праваабарончай супольнасці Беларусі 9 верасня 2021 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, адзначаем, што пры наяўнасці палітычных матываў уладамі ўжываецца пазбаўленне волі ў парушэнне права на справядлівы судовы разгляд, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.

  • Андрэй Крылоў асуджаны 2 верасня 2021 г. судом Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці паводле часткі 1 артыкула 293 КК  да пяці гадоў папраўчай калоніі за арганізацыю масавых беспарадкаў за заклік да ўдзелу ў масавых беспарадках шляхам размяшчэння паведамлення 15 лістапада ў тэлеграм-чаце. Абвінавачаны віну не прызнаў, прывёў пераканаўчыя довады на карысць сваёй невінаватасці і неабгрунтаванасці абвінавачвання.
  • Сяргей Купрэшын асуджаны 1 верасня 2021 г. судом Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці паводле арт. 368 і ч. 2 арт. 293 КК да трох гадоў зняволення ў папраўчай калоніі за абразу службовых асобаў і за захоўванне пораху пасля пазбаўлення дазволу на захоўванне і нашэнне паляўнічай зброі. Пакаранне паводле арт.293 КК абвінавачанаму прызначана значна стражэй, чым суды звычайна ўжываюць у падобных выпадках..

Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы пра існаванне ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачаных.

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:

  1. пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных Пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
  2. асоба пазбаўлена волі выбіральна у параўнанні з іншымі асобамі.

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем, што пераслед Андрэя Крылова і Сяргея Купрэшына з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі — палітычнымі зняволенымі. У сувязі з гэтым мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • перагледзець прынятыя ў адносінах да іх меры і працэсуальныя рашэнні пры выкананні права на справядлівы разгляд і ўхіленні фактараў, якія паўплывалі на рашэнне пра меру стрымання;
  • неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

"Прававая ініцыятыва";

Lawtrend;

Беларускі дом правоў чалавекі імя Барыса Звозскава.

Крыніца: Патрабуем неадкладнага перагляду прысудаў і вызвалення дваіх палітычных зняволеных