Ілюстрацыйнае фота "Наша Ніва" Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне за 15 верасня. Грамадзян, па-ранейшаму, затрымліваюць, праводзяць ператрусы, ціснуць на палітвязняў і ўжываюць іншыя формы ціску за іх актыўную пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

  • праз тэлеграм-бот @viasna_bot;
  • на гарачую лінію ў тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Мінск

Як стала вядома, што ў межах крымінальнай справе па арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне сацыяльнай варожасці) напачатку жніўня затрыманыстрыт-арт мастак Дзмітрый Падрэз. Сутнасць абвінавачванняў пакуль невядомая. Мастака ўтрымліваюць у СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску.

У Мінску сёння ў сябе дома быў затрыманы Андрэй Акушка. Сутнасць прэтэнзіяў пакуль невядомая.

Як паведамляе МУС, былы пракурорскі работнік Аляксандр Мікалаеў затрыманы па падазрэнні ў абразе прадстаўнікоў улады (артыкул 369 КК) і Аляксандра Лукашэнкі (артыкул 368 КК).

Па паведамленні ведамства, на асабістай старонцы ў Фэйсбуку мужчына напісаў "дзясяткі пастоў з абразамі Аляксандра Лукашэнкі, чыноўнікаў і супрацоўнікаў праваахоўных органаў". Па інфармацыі МУС, раней ён прыцягваўся да крымінальнай адказнасці па артыкуле аб гвалце над міліцыянтам (артыкул 364 КК).

Салігорск

МУС паведаміла пра затрыманне ў Салігорску яшчэ двух фанатаў за леташнія пратэсты. Аператыўнікі ГУБАЗіК затрымалі 18- і 19-гадовых салігарчан. Адзін з іх вучыцца ў сталічнай ВНУ, другі працуе зваршчыкам у Салігорску.

"У жніўні 2020 года ў парку «чатырох стыхій» маладыя людзі ўдзельнічалі ў пратэстах, кідалі камяні, бутэлькі і крэслы ў міліцыянтаў",  паведамляюць у ведамстве.

Затрыманыя сталі фігурантамі крымінальных справаў па арт. 342 (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскія парадкі) і 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі) Крымінальнага кодэкса.

Раней паведамляла пра затрыманне ў Салігорску дваіх 17-гадовых "удзельнікаў каляфутбольнай групоўкі".

Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.

Крыніца: Затрыманне экс-пракурора і фанатаў у Салігорску. Хроніка пераследу 15 верасня