Ілюстрацыйнае фота spring96.org 15 верасня ў эфіры БТ намесніца кіраўніка адміністрацыі Вольга Чупрыс заявіла, што Лукашэнка памілаваў 13 чалавек. Яна адзначыла, што сярод памілаваных ёсць людзі, якія здзейснілі злачынства ў інтэрнэце і раскаяліся ў зробленым. У дзевяці з трынаццаці чалавек ёсць непаўналетнія дзеці. Таксама вядома, што памілаваных, якія адбываюць пакаранне ў калоніі, перавядуць на «хімію». Па інфармацыі «Нашай Нівы», памілаваным сёння да 14-й гадзіны будзе зачытаны ўказ Лукашэнкі, і яны выйдуць на волю. Праваабаронцам «Вясны» стала вядома пра памілаванне дзесяці палітзняволеных — распавядаем пра іх.

Спіс памілаваных:

  1. Віктар Каліноўскі — 2,5 года "хіміі" (арт. 339 КК, злоснае хуліганства)
  2. Валерый Лаза — 2,5 года "хіміі" (арт. 369 КК, абраза прадстаўніка ўлады).
  3. Максім Шаўлінскі — 2 гады "хіміі" (арт. 188, паклёп).
  4. Ігар Быкоўскіх — 1,5 года "хіміі" (арт. 369 КК, абраза прадстаўніка ўлады).
  5. Яўген Каральчук — 1 год "хіміі" (арт. 370 КК, здзек з дзяржсімвалаў).
  6. Сяргей Рудзінскі — 1,5 года "хіміі" (арт. 369 КК, абраза прадстаўніка ўлады).
  7. Яўген Пашалюк — 2 гады "хіміі" (арт. 391 КК, абраза суддзі).
  8. Вадзім Сычак — 1 год "хіміі" (арт. 339 КК, хуліганства), пакаранне заменена на "хатнюю хімію"
  9. Аляксандр Баброў — 2,5 года калоніі агульнага рэжыму (арт. 342 КК, арганізацыя ці ўдзел у дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак).
  10. Юлія Кашаверава — 1,5 года калоніі (арт. 339 КК, злоснае хуліганства).

У межах працэдуры памілавання вызвалілі Віктара Каліноўскага з Брэста і Валерыя Лозу з Светлагорску. Вядома, што Віктара Каліноўскага ўжо вызвалілі. Валерый Лоза ляжаў у шпіталі з атытам вуха, але сёння да яго прыехалі з адміністрацыі ваўкавыскай «хіміі» і прапанавалі збірацца і ехаць з імі ў пракуратуру, каб аформіць патрэбныя дакументы для вызвалення.

Берасцеец Віктар Каліноўскі, асуджаны да 2,5 гадоў «хіміі», адбываў пакаранне ў шклоўскай папраўчай ўстанове адкрытага тыпу №49. Яго асудзілі па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу за надпісы на некалькіх прыпынках і гандлёвым кіёску ў Брэсце.

Жыхара Светлагорска Валерыя Лозу абвінавачвалі ў абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім сваіх абавязкаў (арт. 369 Крымінальнага кодэкса). Суд прызначыў Валерыю Лозу 2,5 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову. Пакаранне палітвязень адбываў у Ваўкавыску.

Таксама былі памілаваны палітзняволены Максім Шаўлінскі з Оршы быў асуджаны да 2 гадоў «хіміі» за каментар у закрытым тэлеграм-чаце. Яго абвінавацілі ў паклёпе на супрацоўніка міліцыі па артыкуле 188 Крымінальнага кодэксу (паклёп). Сваё пакаранне ён адбываў у Мазыры. Сёння яго таксама павінны вызваліць.

Палітвязні Ігар Быкоўскіх з Мінску, Яўген Пашалюк з Камянца і Яўген Каральчук з Століна адбывалі пакаранне ў ПУАТ №46, а Сяргей Рудзінскі ў ваўкавыскай ПУАТ №29. Усе яны былі асуджаныя па дыфамацыйных артыкулах: здзек з дзяржаўных сімвалаў, абраза прадстаўніка ўлады і абраза суддзі. Яўгена Каральчука асудзілі да 1 года «хіміі», Ігара Быкоўскіх —да 1,5 гадоў, Яўгена Пашалюка — да 2 гадоў, Сяргея Рудзінскага — да 1,5 гадоў. Сёння яны павінны выйсці на волю.

Палітвязня Вадзіма Сычака з Бярозы, асуджанага да 1 года «хіміі» за разбітае шкло ў аўтобусе 10 жніўня ў Бярозе (арт. 339 Крымінальнага кодэксу), пераводзяць на «хатнюю хімію».

Праваабаронцам стала вядома, што памілавалі таксама Юлію Кашавераву. Яе абвінавацілі па ч.1 арт. 339 КК (злоснае хуліганства) за тое, што яна падчас мірнай акцыі пратэсту 4 кастрычніка мінулага году сарвала маску і галаўны ўбор з супрацоўніка МУС і ўдарыла нагой па міліцэйскім бусе. На судзе яна не адмаўляла, што пасля таго, як ёй не далі аказаць дапамогу пацярпеламу, не стрымалася і нанесла тры ўдары па задніх дзвярах міліцэйскага мікрааўтобуса. Пракурор прасіў пакараць яе шасцю гадамі калоніі, але ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска 23 лютага яе асудзілі да 1,5 года калоніі.

За кратамі медсястра знаходзілася амаль 11 месяцаў. Юлія адбывала пакаранне ў жаночай гомельскай калоніі №4.

Памілавалі палітзняволенага супрацоўніка БМЗ, якога асудзілі за перакрыццё дарогі на заводзе. Палітвязень Аляксандр Баброў — былы супрацоўнік Беларускага металургічнага завода ў Жлобіне, актывіст забастоўкі. 17 жніўня на знак пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту супраць мірных пратэстоўцаў яны разам з іншымі працаўнікамі перакрылі дарогу для тэхналагічнага транспарту на заводзе. Была ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 1 арт. 342 КК РБ «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Першага лютага суд пакараў Аляксандра Баброва 2,5 гадамі калоніі агульнага рэжыму. У зняволенні палітвязень знаходзіўся амаль 8,5 месяцаў, большасць з якіх сядзеў у папраўчай калоніі №13. Яго маці паведамілі, што сёння Баброва вызвыляць з калоніі.

Такім чынам, праваабаронцам «Вясны» вядома пра дзесяць з трынаццаці памілаваных. Усе яны прызнаныя палітзняволенымі. Калі вам вядомыя прозвішчы яшчэ трох памілаваных, то паведамляйце праваабаронцам у тэлеграме @Spring96info.

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: У Беларусі памілавалі 13 чалавек. З іх вядома пра дзесяцярых палітвязняў