Шэраг актывістаў і праваабаронцаў з рэгіёнаў, што знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці ля будуемай АЭС, звярнуліся з калектыўным зваротам да кіраўніцтва РУП “Беларуская атамная станцыя”.
Іх занепакоенасць выклікала не заўсёды даступная і поўная інфармацыя, якая датычная будаўніцтва такога небяспечнага аб’екту, як атамная станцыя. Грамадскія актывісты прапанавалі правесці круглы стол з удзелам журналістаў і грамадскасці па праблемах адкрытасці і празрыстасці для грамадства працэсу будаўніцтва АЭС.
“Звяртаемся з прапановай правесці ў красавіку 2017 года на базе інфармацыйнага цэнтра БелАЭС круглы стол з удзелам прадстаўнікоў станцыі, Міністэрства энергетыкі і шырокай грамадскасці для абмеркавання перспектыў і магчымасцяў ажыццяўлення грамадскага кантролю пры будаўніцтве і эксплуатацыі станцыі, а таксама больш эфектыўнага інфармавання грамадскасці аб ходзе будаўніцтва” – адзначана ў звароце грамадскіх актывістаў.
Адзін з падпісантаў звароту, праваабаронца з Маладэчна Алесь Капуцкі, каментуючы адказ кіраўніцтва РУП “БелАЭС”, паведаміў наступнае:
– Ні для каго не з'яўляецца сакрэтам, што ідэя будаўніцтва АЭС у Беларусі не карыстаецца адназначнай і стоадсоткавай падтрымкай з боку грамадскасці, таму пабудова, развіццё і ўмацаванне гарызантальных сувязяў паслужыла б праекту толькі на карысць, але, на жаль, дырэкцыя не пайшла насустрач грамадскасці, а задаволілася звычайнай адпіскай, маўляў, усё ў нас добра, інфармацыі дастаткова і няма чаго хвалявацца.
Крыніца: "На БелАЭС усё добра, інфармацыі дастаткова і няма чаго хвалявацца"