Сёння юрыст ПЦ “Вясна” і каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбраы” Уладзімір Лабковіч адзначае свой 43-ці Дзень народзінаў. На жаль, наш калега не зможа сустрэць яго ў коле сям’і ды сяброў, а вымушана знаходзіцца за кратамі за сваю праваабарончую дзейнасць.
Прадстаўнікі розных праваабарончых арганізацый дасылаюць свае віншаванні Уладзіміру Лабковічу з розных краін свету.
Дэпутат нямецкага Бундэстага Штэфан Гельбхаар, які з’яўляецца сімвалічным "хросным" Лабковіча ў межах кампаніі салідарнасці #WeStandByYou ад Libereco – партнёрства за правы чалавека, запісаў відэазварот (з субтытрамі) для Уладзіміра да Дня народзінаў.
Прадстаўніца Хельсінкскага фонду па правах чалавека Вольга Саламатава таксама запісала відэазватор для Уладзіміра Лабковіча.
"Ад усёй душы я жадаю ад сябе, ад Хельсінкскага фонду па правах чалавека наступны дзень нараджэння адзначаць у міжнароднай кампаніі, думаючы пра тое, як шмат змянілася ў Беларусі да лепшага.
Валодзя, здароўя, сіл, цярпення і вытрымкі. І вядома ж, каб як мага хутчэй ты мог абняць сваіх родных!", - сказала яна.
Дасылайце віншаванні Уладзіміру:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу |
Нагадаем, праваабаронца "Вясны" Уладзімір Лабковіч быў затрыманы 14 ліпеня. У яго дома адбыўся вобшук, а самога праваабаронцу разам з жонкай Нінай затрымалі, павезлі на допыт, а пасля змясцілі пад варту.
Папярэдне Уладзіміру Лабковічу прад'яўленыя абвінавачванні ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК), і ўхіленні ад выплаты падаткаў (арт. 243 КК).
Крыніца: З Днём народзінаў, Уладзімір! Відэа