Брэсцкая абласная арганізацыя Партыі БНФ абскардзіць у судзе Бярозаўскага раёна рашэнне Бярозаўскага райвыканкаму, паводле якога вылучаная ад БНФ Тамара Шчапёткіна не была ўключаная ў склад УВК па ўчастку №3 Бярозаўскага раёну па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў.
У скарзе адзначаецца, што на паседжанні Бярозаўскага райвыканкама, якое адбылося 3 студзеня, было агучана, што Тамара Шчапёткіна не мае вопыту працы ва УВК. Аднак такога ж вопыту не мелі і яшчэ два прадстаўнікі Партыі БНФ, вылучаныя Брэсцкай арганізацыяй. Але яны былі ўключаныя ў склад іншых участковых выбарчых камісіяў тым жа рашэннем райвыканкаму.
У адпаведнасці з арт. 34 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусі, “органы, якія ствараюць камісію, як правіла, не меней адной трэцяй яе складу фармуюць з прадстаўнікоў палітычных партыяў і іншых грамадзкіх аб’яднаньняў”. Аднак у склад УВК участка для галасавання №3 Бярозаўскага раёну не была ўключаная адзіная вылучэнка ад палітычнай партыі. Затое былі ўключаныя прадстаўнікі ад Бярозаўскіх раённых арганізацыяў грамадзкіх аб’яднанняў «Белая Русь», «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», «Беларускі саюз жанчынаў», “Беларускі фонд міра”, “Чырвоны крыж”.
Брэсцкая абласная арганізацыі Партыі БНФ просіць суд абавязаць Бярозаўскі райвыканкам прыняць новае рашэнне па змяненню складу УВК участка для галасавання №3 Бярозаўскага раёну, уключыўшы ў яе склад прадстаўніцу Партыі БНФ.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Крыніца: Партыя БНФ абскардзіць неўключэнне сваёй вылучэнкі ў Бярозаўскую УВК