На пачатку паседжаньня ў залю яшчэ пускалі ўсіх ахвотных, але ад першай жа хвіліны пачаліся і выдаленьні: судзьдзя Іна Грабоўская загадала выйсьці актывісту Пятру Іванову, які гучна павіншаваў яе з Днём Волі. Судзьдзя запатрабавала таксама, каб залю пакінуў чалавек, які здымае падсудных і прысутных у залі. Але высьветлілася, што гэта быў міліцэйскі апэратар, і судзьдзя тут жа выправілася — чалавеку ў цывільным і з відэакамэрай было дазволена застацца. Леанід Гаравы, актывіст руху «За свабоду», напісаў з гэтай нагоды скаргу старшыні суду.
Кастусь Смолікаў на пачатку паседжаньня перадаў судзьдзі скаргу пра тое, што ён знаходзіўся пад вартай да суду больш за 48 гадзін. Гэта парушэньне адміністрацыйна-працэсуальнага заканадаўства, дапушчанае супрацоўнікамі Кастрычніцкага РАУС: затрымаўшы актывістаў 22 сакавіка а 13:40, яны мусілі б у той самы дзень перадаць іх справы ў суд.
Старшыня абласной арганізацыі партыі БНФ Леанід Аўтухоў запатрабаваў перакладчыка з расейскай на беларускую мову. Гэтая просьба была прадугледжаная: у залі ўжо знаходзіўся перакладчык, настаўнік сярэдняй школы № 10 Юры Самсонаў. Спадар Аўтухоў таксама запатрабаваў часу на знаёмства з дакумэнтамі судовай справы. Быў абвешчаны перапынак на паўгадзіны. А потым — яшчэ на дзьве гадзіны, бо Аўтухоў выступіў з хадайніцтвам, каб наняць адваката.
Звычайна суд дае на гэта некалькі дзён — з улікам таго, што вольных адвакатаў можа і ня быць, тым больш калі вядзецца пра запрашэньне канкрэтнага адваката. Але Іна Грабоўская заявіла, што абвяшчае перапынак толькі да 15 гадзіны. За гэты час Леанід Аўтухоў, жыхар райцэнтру Гарадок, мусіць недзе пазычыць грошы, знайсьці ў Віцебску адвакацкую кантору і заключыць дамову з абаронцам.
Кастуся Смолікава і Леаніда Аўтухова вінавацяць паводле артыкула 23.34 адміністрацыйнага заканадаўства — за парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавай акцыі. Затрымалі іх у памяшканьні гандлёвага цэнтру «Эвіком», дзе яны раздавалі запрашэньні на мітынг, заплянаваны на вечар 25 сакавіка ў Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў. Заяўку ў Чыгуначную раённую адміністрацыю падаваў спадар Аўтухоў, і ў дзень затрыманьня ён яшчэ ня меў адказу ад уладаў, хоць спавясьціць яго яны мусілі за 5 дзён да меркаванага мерапрыемства.
Радыё Свабода
Відэа: Віцебская Вясна & Дыялёг