Аўторак, 09 Жнівень 2016

У Віцебску патэнцыйных кандыдатаў будуць судзіць за сьпевы на пікеце

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Алена Шабуня, Тацяна Севярынец, Георгі Станкевіч Алена Шабуня, Тацяна Севярынец, Георгі Станкевіч

Падчас супольнага пікету па зборы подпісаў патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты Тацяна Севярынец, Алена Шабуня і Георгі Станкевіч прасьпявалі гімн «Магутны Божа». Спадар Станкевіч выканаў пад гітару ўласную песьню «Сьцяг».

Міліцыянты Кастрычніцкага раённага аддзелу расцанілі гэта як несанкцыянаваную масавую акцыю і падрыхтавалі дакумэнты для перадачы ў суд. Пра гэта даведаўся Георгі Станкевіч – адзіны з трох выканаўцаў, які атрымаў позву ў міліцыю:

«Позва была выпісаная на нядзелю, 7 жніўня. Прыйшла напярэдадні, але паехаць я ня змог – усё ж жыву ў Бешанковіцкім раёне, а Віцебск ня так і блізка. Таму я патэлефанаваў да Сяргея Раманчука, участковага інспэктара Кастрычніцкага РАУС, які падпісаў позву. Той спытаўся: Вы ж сьпявалі песьні пад нейкім бел-чырвона-белым сьцягам? Крычалі “Жыве Беларусь”? Таму, маўляў, вы парушылі заканадаўства – правялі несанкцыянаваную вулічную акцыю. Я толькі сказаў: “А калі б крычалі, прыкладам, “Жыве Польшча!”, то нічога б не парушылі?” Міліцыянт толькі пасьмяяўся».

Участковы Сяргей Раманчук паведаміў, што чакаць тлумачэньняў адносна сьпеваў ня будзе – ён павінен як найхутчэй перадаць дакумэнты ў суд. Алена Шабуня і Тацяна Севярынец наогул не атрымлівалі позваў у міліцыю, хаця іх абяцалі даслаць.

На думку актывістаў, якія вырашылі балятавацца ў дэпутаты парлямэнту, аніякіх парушэньняў зь іхнага боку не было. Супольны пікет па зборы подпісаў адбываўся 27 ліпеня, і удзельнікі віншавалі мінакоў з угодкамі прыняцьця Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Рэспублікі Беларусь. Выкарыстаньне сымболікі прадугледжанае выбарчым заканадаўствам, і адносна забароны сьпеваў там таксама нічога не сказана. Пікет праходзіў у месцы, якое не ўваходзіць у пералік недазволеных, сьпявалі актывісты таксама там, дзе подпісы зьбіраць можна.

Георгі Станкевіч не выключае, што суд адбудзецца ўжо неўзабаве: на ягоную думку, сытуацыя з адміністрацыйнай справай будзе выкарыстаная, каб не дапусьціць вядомых у рэгіёне актывістаў да ўдзелу ў выбарах.

svaboda.org