Пятніца, 09 Жнівень 2019

Міліцыя Воршы двойчы штрафавала на вакзале чалавека, якога там не было

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

Мужчына даведаўся, што аштрафаваны за “расьпіцьцё алькаголю” на аршанскім вакзале толькі тады, калі ў дачыненьні да яго распачалі выканаўчае справаводзтва. Паведаміў у пракуратуру, што проста фізычна ня мог учыніць правапарушэньне, бо знаходзіўся на момант складаньня пратаколу за паўтысячы кілямэтраў ад Воршы. Пастановы суду і міліцыі – скасаваныя.

Як паведамілі ў пракуратуры Віцебскай вобласьці, са скаргай у ведамства зьвярнуўся жыхар Берасьцейшчыны, якога суд Аршанскага раёну прыцягнуў да адміністрацыйнай адказнасьці за паўторнае цягам году знаходжаньне ў стане алькагольнага ап’яненьня ў грамадзкім месцы (ч.3 арт.17.3 КаАП РБ). Падставай для спагнаньня быў пратакол, складзены на чыгуначным вакзале Воршы супрацоўнікамі аршанскай транспартнай міліцыі.

У скарзе мужчына сьцьвярджаў, што ён ніяк ня мог учыніць гэтае правапарушэньне, бо ў час, які быў пазначаны ў пратаколе, знаходзіўся на працоўным месцы ў Берасьцейскай вобласьці.

Паведаміў, што справа разглядалася безь яго, а пра тое, што яго прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці, даведаўся толькі ад судовых выканаўцаў.

Пракурорская праверка выявіла, што грамадзянін сапраўды ня мог знаходзіцца ў час, пазначаны ў пастанове, на чыгуначным вакзале Воршы, бо ў той дзень не пакідаў межы Берасьцейскай вобласьці. Гэта пацьвердзілі зьвесткі яго тэлефонных злучэньняў і дакумэнты, атрыманыя зь месца працы мужчыны.  

Больш за тое, мужчыну прыцягнулі незаконна да адміністрацыйнай адказнасьці за расьпіцьцё піва на вакзале і ў першы раз (ч.1 арт.17.3 КаАП) – яго ў той час (у той самы дзень) і на тым месцы не магло быць проста фізычна.   

Пракуратура Віцебскай вобласьці апратэставала пастанову суду Аршанскага раёну і г.Воршы, пратэст быў задаволены Віцебскім абласным судом. Таксама пракуратура адмяніла ў парадку нагляду пастанову Аршанскага аддзелу УС на транспарце, а начальніку аддзелу накіравала даручэньне аб правядзеньні службовай праверкі па выяўленых фактах.