Панядзелак, 19 Жнівень 2019

Вярхоўны суд адказаў Міколу Качурцу наконт штрафу за бел-чырвона-белы сьцяг на БНР-101

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Мікола Качурэц Мікола Качурэц

Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску пакараў у красавіку 2019 году актывіста Міколу Качурца штрафам у памеры 102 рублі за бел-чырвона-белы сьцяг, зь якім віцяблянін сфатаграфаваўся на Дзень Волі. Качурэц абскардзіў пастанову ў абласным судзе, але безвынікова. Напісаў скаргу ў Вярхоўны суд – і вось які адказ атрымаў…

Намесьнік старшыні Вярхоўнага суду Руслан Аніскевіч “у выніку вывучэньня матэрыялаў справы” прыйшоў да высновы, што пастанова Кастрычніцкага суду “зьяўляецца законнай і абгрунтаванай”, а “абставіны правапарушэньня абсьледаваныя ўсебакова і аб’ектыўна”.

“Факт вашага ўдзелу ў незаконным масавым мерапрыемстве, мэтай якога было публічнае выяўленьне грамадзка-палітычнай пазыцыі, пацьвярджаецца тлумачэньнямі супрацоўнікаў міліцыі Карушкі, Дзятлава і Ярашэўскага, іншымі доказамі ў іх сукупнасьці”, – гаворыцца ў адказе Вярхоўнага суду.

“Падставаў для адмены пастановы ня маецца”, – падсумоўвае Руслан Аніскевіч.

Качурэц зьвернецца ў КПЧ ААН

“Замацаваная Законам працэдура рэалізацыі вашага права на публічнае выяўленьне грамадзка-палітычных інтарэсаў і пратэсту накіраваная на стварэньне ўмоваў для рэалізацыі вамі сваіх правоў”, – сьцьвярджае Вярхоўны суд.

“Стварэньне ўмоваў для рэалізацыі правоў?.. Гучыць вельмі сьмешна. Яны ствараюць умовы толькі для таго, каб нашае насельніцтва хадзіла строем. А калі хочаш зрабіць крок налева ці направа – пішы заяву ці плаці штраф”, – кажа на гэта Мікола Качурэц.

Актывіст прызнаецца, што і не чакаў станоўчага адказу на сваю скаргу ў Вярхоўны суд. Ён паведаміў, што працягне змагацца за свае правы і бліжэйшым часам накіруе індывідуальнае паведамленьне ў Камітэт правоў чалавека ААН.

“Бо дамагчыся праўды на нацыянальным узроўні папросту немагчыма”, – тлумачыць Качурэц.

Нагадаем, 25 сакавіка 2019 году падчас сьвяткаваньня БНР-101 Мікола Качурэц зрабіў усяго толькі адзін фотаздымак з нацыянальным бел-чырвона-белым сьцягам на фоне помніка князю Альгерду ў Віцебску. Судзьдзя суду Кастрычніцкага раёну Сьняжана Кіндзеева аштрафавала актывіста за гэты ўчынак на 4 базавыя велічыні. За “пікетаваньне з выкарыстаньнем палотнішча бел-чырвона-белага колеру без атрыманьня дазволу” на Дзень Волі - 2019 такія ж самыя штрафы атрымалі тады яшчэ двое віцяблян – браты Яраслаў і Ўладзімер Кійко.

Зьміцер Міраш