Серада, 15 Студзень 2020

Суды за сьнежаньскі пікет у Віцебску: Паўлаву – 25 базавых, Прохараў – «на дапрацоўцы»

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Алег Паўлаў (зьлева) і Аляксей Прохараў на судзе Алег Паўлаў (зьлева) і Аляксей Прохараў на судзе

У Віцебску пачаліся суды над удзельнікамі сьнежаньскага пікету на плошчы Перамогі ў Віцебску. Справы пікетоўцаў, якія выказаліся ў падтрымку незалежнасьці краіны, разглядаюцца ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску. 15 студзеня штрафам пакаралі віцябляніна Алега Паўлава, справу яшчэ аднаго ўдзельніка акцыі – Аляксея Прохарава, накіравалі на дапрацоўку.

Справы пікетоўцаў, якія, паводле пратаколаў, парушылі парадак арганізацыі альбо правядзеньня масавых мерапрыемстваў (арт. 23.34 КаАП), разглядае судзьдзя Алена Цыганкова.

Паўлаў: «Вы зараджаныя на рэпрэсіі»

Алег Паўлаў абвінавачваўся ў парушэньні часткі 1 згаданага артыкулу, бо прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці за парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах упершыню.

Пасьля таго як судзьдзя Цыганкова не задаволіла хадайніцтва абвінавачанага аб дазволе на ўдзел у працэсе праваабаронцы Паўла Левінава і адхіліла заяўлены ім адвод, Алег Паўлаў папрасіў «вызваліць яго ад удзелу ў гэтым судзілішчы». Адмовіўся таксама даваць якія-небудзь тлумачэньні. Але судовую залю не пакінуў.

«Вы зараджаныя на рэпрэсіі, я бачу вашае абсалютна прадузятае стаўленьне да мяне», – заявіў судзьдзі Паўлаў.

Пасьля кароткага перапынку і вельмі шпаркага агляду матэрыялаў справу судзьдзя агучыла рашэньне: прызнаць Алега Паўлава вінаватым і пакараць яго штрафам у памеры 25 базавых велічынь (675 рублёў).

Прохараў: «На наступны суд прыду з рэчамі…»

Справа Аляксея Прохарава, яшчэ аднаго ўдзельніка віцебскага пікету за незалежнасьць, які прайшоў 29 сьнежна на плошчы Перамогі, была вернутая на дапрацоўку ў РАУС Чыгуначнага раёну Віцебску.

Судзьдзя Алена Цыганкова прыняла такое рашэньне пасьля таго, як даведалася, што ў Віцебскім абласным судзе амаль у той жа час разглядаецца скарга Прохарава на рашэньне суду Віцебскага раёну, які 26 сьнежня аштрафаваў яго за рэпост у сацсетках анонсу менскіх акцыяў.

Аляксей Прохараў на судзе

Спраўдзіўшы падчас перапынку, што скарга ў Віцебскім абласным судзе не задаволеная (яе разглядала судзьдзя Сьвятлана Іванова), а рашэньне ўжо набыло законную моц, судзьдзя палічыла, што судзіць Прохарава за пікет трэба паводле часткі 3-й артыкулу 23.34 (за паўторнасьць правапарушэньня цягам году). І пастанавіла вярнуць справу «на дапрацоўку».

Частка трэцяя прадугледжвае ня толькі большыя штрафы, але і арышт на 15 сутак. «Мабыць, на наступны суд прыду з рэчамі для адсідкі», – жартаваў пасьля паседжаньня Аляксей Прохараў. Прызнаўся, што маральна да гэтага ўжо гатовы.  

Калі адбудзецца суд над Прохаравым (ужо паводле ч.3 арт. 23.34), пакуль невядома.

Між тым, суды над удзельнікамі пікету ў Віцебску працягнуцца 16 студзеня. У судзе Чыгуначнага раёну ў гэты дзень разгледзяць адміністрацыйныя справы віцяблянкі Натальлі Трошчанкі (пачатак – 12.00) і яшчэ аднаго ўдзельніка акцыі.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.