Грамадзянку вінавацяць у тым, што ў тэлеграм-канале «Пастаўшчына для жыцьця» яна зрабіла допіс, у якім заклікала падпісчыкаў сабрацца ў варапаеўскім парку на свой «антыпарад». Жанчына патлумачыла, што яе эмацыйны допіс быў рэакцыяй на заблякаваны праваахаўнікамі антыпарад у Бабруйску.
На заклік спадарыні Ганны ніхто не адгукнуўся, але адміністрацыйныя дзеяньні за спробу арганізацыі несанкцыянаванага мерапрыемства ўжо распачатыя.
8 траўня да Ганны Федаронак наведаліся два праваахоўнікі і запатрабавалі праехаць зь імі ў Пастаўскі РАУС. Дзьверы жанчына не адчыніла, бо ўдома была адна з малодшай дачкой і ўнукамі. Па словах жанчыны, ніякай павесткі міліцыянты ў той дзень не ўручылі, ня здолелі таксама ўцямна патлумачыць мэту свайго візыту і законнасьць выстаўленых патрабаваньняў.
9 траўня дом жанчыны наведаў намесьнік начальніка Пастаўскага РАУС падпалкоўнік Аляксандар Мядзелка, асабістай сустрэчы зь якім жанчына пазьбегла.
15 траўня, згодна з атрыманай позвай, Ганна Федаронак зьявілася ў Пастаўскі РАУС. Яна пераконвае, што, калі б міліцыянты дзейнічалі больш прафэсійна і не палохалі яе і малечу, то размова з праваахоўнікамі адбылася б раней. У міліцыі жанчына патлумачыла, што з 10 траўня ў яе трымаецца падвышаная тэмпэратура і яна адчувае сябе кепска. Аляксандар Мядзелка пагадзіўся адкласьці разбор і дазволіў Ганьне наведаць раённую паліклініку. Пасьля мэдагляду, які засьведчыў наяўнасьць падвышанай тэмпэратуры, лекар аформіў даведку, каб можна было прад'явіць у райаддзеле міліцыі.
Складаньне пратаколу ў дачыненьні Ганны Федаронак перанесьлі на той час, калі здароўе жанчыны палепшыцца.
С. Горкі
Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!