Серада, 13 Май 2020

Аляксандар Ільінец выйшаў на волю пасьля 5 сутак, праведзеных за кратамі ІЧУ

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Аляксандар Ільінец пасьля вызваленьня Аляксандар Ільінец пасьля вызваленьня

Віцебскі актывіст Аляксандар Ільінец быў пакараны 5 суткамі адміністрацыйнага арышту за ўдзел у «кармленьні галубоў», якое суд палічыў «несанкцыянаваным пікетаваньнем» (арт 23.34 КаАП). 13 траўня Аляксандар Ільінец быў вызвалены з-пад арышту і выйшаў на волю.

«Цягам пяці дзён прасіў кіраўніцтва ІЧУ даць мне пазваніць маці, якая ня ведала, дзе я. Яны мне адмаўлялі з розных прычын, не давалі мне 5 сутак пазваніць. Маці турбавалася. Таму зараз хачу хутчэй сустрэцца з мамай. Гэта самае галоўнае. А потым – падыхаць сьвежым паветрам. Я пяць дзён у камэры зь 9-цю курцамі сядзеў», – сказаў Аляксандар Ільінец адразу пасьля вызваленьня.

Мужчына прызнаўся, што праз цыгарэтны дым і адсутнасьць сьвежага паветра ў камэры ў яго ўсчаўся кашаль, а праз хваляваньне – узьнялася тэмпэратура. Але спадзяецца, што зь ягоным здароўем усё будзе ў парадку.

«Я ня ведаю, што тут творыцца зараз, але там штодзень па камэрах цягаюць людзей. Каронавірус, а яны пастаянна мяняюць людзей у шахматным парадку. Навошта? Ці для таго каб спэцыяльна заразіць, ці для чаго іншага? Ня ведаю. Я лічу, што зараз, калі ідзе каронавірус, – давайце людзям штрафы і адпускайце іх», – мяркуе Ільінец.

Умовы ўтрыманьня людзей у ізалятары часовага ўтрыманьня ён называе жахлівымі.

Аляксандар Ільінец пацьвердзіў інфармацыю пра тое, што ў аддзеле аховы грамадзкага правапарадку Чыгуначнага раёну перад затрыманьнем бачыў як мінімум яшчэ 5 чалавек, якія 3 траўня ўдзельнічалі ў «кармленьні галубоў». Але як іх пакаралі і ці пакаралі наагул – ня ведае. Іхныя прозьвішчы таксама невядомыя.

«Штрафы ім далі ці што, я ня ведаю. Мяне адтуль прывезьлі – і адразу ў камэру, і ў ІЧУ я іх ня бачыў», – сказаў Аляксандар.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.