Як стала вядома, пяць з затрыманых жанчын правядуць ноч да суду ў ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ), які зараз месціцца ў будынку СІЗА-2.
Жанчын больш за 8 гадзін трымалі ў Першамайскім РАУС. Супрацоўнікі міліцыі адмовіліся ўзяць для затрыманых харчы і ваду. Як расказала дачка затрыманай Раісы Кухто, недзе ў 18.30 маці паспела паведаміць ёй па тэлефоне, што іх усіх вязуць у ІЧУ. Разам з Раісай Кухто знаходзіліся Людміла Камінская, Людміла Валадкевіч, Алена Каснова і Тамара Ільіна.
За гадзіну да гэтага ў суд адвезлі Таццяну Севярынец, але паседжанне было перанесенае на 19 студзеня – актывістку адпусцілі. Паводле спадарыні Таццяны, на ўдзельніц шпацыру складаліся пратаколы паводле арт. 23.34 КаАП.
«Маёр Склімянок, які складаў пратакол на мяне, напісаў, што я, знаходзячыся ў лесе – грамадскім месцы, размахвала сцягам...» – распавяла Таццяна Севярынец.
Суды над затрыманымі жанчынамі, якіх адвезлі ў ІЧУ, пройдуць заўтра, меркавана – ад 10-й раніцы.
Зміцер Міраш