«Пішу са шпіталю. На 5 содні сухой галадоўкі ў віцебскім ІЧУ пачаліся праблемы са здароўем. Ныркі, ціск узняўся да 220, спазмы, сутаргі, неверагодная слабасць (мне ўсё ж – 62 гады). Таму што галадоўку спыніць я адмовіўся, адміністрацыя ІЧУ выклікала хуткаю дапамогу і афіцыйна зняла з мяне арышт», – напісаў у «Фэйсбуку» Анатоль Каханчык.
Паведаміў таксама, што быў вельмі здзіўлены тым, што не пачуў у віцебскім ізалятары ніводнага мацюка. Начальнік ІЧУ падаўся Каханчыку справядлівым і «ўсе пытанні вырашаў адразу». Рахунак за харчаванне ніхто яму не падсунуў, як гэта рабілі ў іншых ізалятарах, калі ён не ўжываў у камеры нават вады.
«Зараз спадзяюся сустрэць Новы год удома, а не на новай галадоўцы, калі зноў затрымаюць», – падсумоўвае Анатоль Каханчык і дзякуе ўсім, хто яго падтрымліваў.
У 2020 годзе Анатоль Каханчык пафарбаваў бацькоўскую хату ў вёсцы Алёшча Полацкага раёну ў нацыянальныя колеры: намаляваў на сценах дзве белыя і чырвоную палосы, а ў акне павесіў Пагоню. За такую расфарбоўку ў лютым 2021 году Каханчыка прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці (на той момант – арт. 23.34 КаАП) і асудзілі на 7 сутак. У лістападзе яго зноў судзілі і прызналі вінаватым у распаўсюдзе экстрэмісцкай інфармацыі (арт. 19.11 КаАП) – пакаралі за гэта 15 суткамі адміністрацыйнага арышту.
Янка Прас