На сваёй новай старонцы ў Фэйсбуку Уладзімір Булаўскі піша, што перад выхадам на волю ў яго забралі ўсе паперы, якія былі з ім у камеры. Сярод запісаў былі і вершы. Адзін з іх, дзе апісаны быт і ўмовы ў віцебскім ІЧУ, Уладзімір Булаўскі аднавіў па памяці.
Лічбы
Паглядзеў на захад сонца
І трымай - пятнаццаць сутак.
Здай прынесеныя кнігі,
Паліто і свой абутак.
Здай сваіх сяброў і гонар,
Здай каханне і Радзіму.
І таварышу маёру
Здай усе светлыя успаміны.
Атрымаеш ты «баланду» -
Тройчы ўдзень цераз «кармушку»,
Атрымай сырую «вату»
І дзіравую падушку.
На шаснаццаці квадратах
Будзеш восьмым арыштантам.
Дзве на тыдзень перадачы
Атрымай - і будзеш рады.
Чвэрць гадзіны на памыцца
Раз на тыдзень пад халоднай.
Па чатыры цыгарэты
Ўраз паліць - ужо ня шкодна.
Кожны сон твой - пра свабоду,
Пра каханую і лета.
Кожны дзень спрабуеш успомніць
Подых веснавога ветру.
Палічы - мільён і трыста -
Вольным стаць, нарэшце, мусіш
Здзейсняцца, нібыта мроі,
Сны аб новай Беларусі!
Уладзімір Булаўскі быў затрыманы увечары 27 лютага, калі віцебскія міліцыянты дзяжурылі на плошчы Перамогі, палюючы на тых, хто выйшаў пратэставаць супраць вайны ва Украіне. Пра намер высйсці, каб «паглядзець на прыгожы захад сонца» моладзевы актывіст напярэдадні паведаміў на ўласнай старонцы ў Фэйсбуку.
Феліцыян Красоўскі