Гісторыя з першым судом застаецца да канца не зразумелай: яе судзілі праз некалькі дзён пасля таго, як 22 лістапада дома ў Валянціны Болбат правялі ператрус. Тады прайшла цэлая хваля затрыманняў актывістаў руху «За Свабоду». Паводле звестак праваабаронцаў, спадарыню Валянціну дапыталі ў міліцыі і адпусцілі, але праз некалькі дзён затрымалі зноў. Меркавана, 25 лістапада яе асудзілі за распаўсюд так званых экстрэмісцкіх матэрыялаў і пакаралі арыштам на 10 сутак. У такім выпадку, 5-га снежня жанчыну мусілі вызваліць. Аднак на сувязь з блізкімі яна так і не выйшла.
Арышт Валянціна Болбат адбывала ў наваполацкім Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Найверагодней, там яе і трымаюць да другога суду. Усе акалічнасці можна будзе даведацца хіба што ад самой актывісткі, калі яна выйдзе на волю.
Міхась Хмара