Адразу пасля затрымання жанчына знаходзілася ў полацкім ІЧУ. Калі адбыўся суд, яе перавялі ў віцебскае СІЗА, куды звычайна з райцэнтра адпраўляюць адбываць пакаранне "парушальнікаў" па палітычных артыкулах у межах адміністратыўнага закона. Падчас знаходжання ў СІЗА з ёй паразмаўлялі супрацоўнікі Камітэта дзяржбяспекі.
Таццяну Шастак затрымалі ў канцы кастрычніка, калі яна збіралася з калегамі-прадпрымальнікамі несці ў райвыканкам калектыўны зварот з просьбай, каб улады распавялі, як бізнэсу працаваць у новых умовах.
Фармальна жанчыну тады асудзілі на 30 сутак утрымання пад вартай, за аватарку ў сацсетках і «нейкі дадатак», якія міліцыянты нібыта знайшлі ў яе тэлефоне.
Аднак прадпрымальніца ўпэўнена ў тым, што ніякага такога дадатку ў тэлефонным апараце не было, але яе прымусілі падпісаць адміністрацыйныя пратаколы пад пагрозай завесці крымінальную справу за аказанне супраціву работнікам міліцыі.
Таццяна распавяла, што ў СІЗА «палітычных» правапарушальнікаў пазбаўлялі магчымасці паўнавартаснага сну. Дзеля гэтага іх будзілі некалькі разоў за ноч. Пры гэтым днём адміністрацыя пенітэнцыярнай установы не дазваляла арыштанткам карыстацца матрацам і коўдрамі.
З усімі «палітычнымі» супрацоўнікі СІЗА размаўлялі груба для гэтага выкарыстоўвалі блатны жаргон: «Паднялі азадкі, прыбралі матрацы, селі на жалеза і сядзіце!».
Арыштаванай прадпрымальніцы толькі часткова аддавалі змест перадач, у тым ліку і медыкаменты, якія прыносіў муж. Ёй уручылі толькі два прадметы асабістай гігіены - мыла і шампунь. Пасля выхаду з СІЗА Шастак вярнулі не ўсе асабістыя рэчы, якія былі ў гэтых перадачах.
На працягу ўсяго тэрміну знаходжанне за кратамі асуджаных па экстрэмісцкіх артыкулах прывозілі ў СІЗА ў рэжыме нон-стоп. Жанчыны і дзяўчыны расказвалі Таццяне, што сілавікі ходзяць па арганізацыях і правяраюць тэлефоны работнікаў і служачых. І калі знаходзяць у апаратах БЧБ сімволіку ці фатаграфіі зробленымі падчас масавых пратэстаў, складаюць пратаколы і дастаўляюць правапарушальніц у суды, якія штампуюць пастановы па арт. 19.11 або 24.23 КаАП. Асноўнае пакаранне - арышт на 15 сутак і больш. Штрафуюць вельмі рэдка, але на вялізныя сумы.
Таццяна да гэтага часу застаецца пад уражаннем убачанага і перажытага ў засценках ізалятара. Яна ацэньвае тое, што адбываецца ў краіне як узмацненне рэпрэсій з боку ўладоў на актыўную частку грамадства. Па яе назіраннях рэпрэсаваных стала больш у параўнанні з пратэстнымі 2020-21 годамі.
Алег Кунін