Першы арышт Ігар Бортнік адбываў у Наваполацкім Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП). Падчас другога яго перавялі ў віцебскі СІЗА-2, на тэрыторыі якога цяпер размяшчаецца віцебскі ІЧУ. Такая практыка ўжываецца не ўпершыню: жыхароў іншых рэгіёнаў знарок пераводзяць у абласны цэнтр, каб абцяжарыць ўмовы ўтрымання: прыкладам, прывезці зняволенаму перадачу з Наваполацку ў Віцебск ужо пераўтвараецца ў пэўную праблему.
Паводле інфармацыі тэлеграм-канала pozirkonline, Ігара Бортніка зноў вярнулі ў Наваполацкі ЦІП. І ён мае праблемы са здароўем: пасля не вельмі ўдала аперацыі па лячэнні міжпазваночнай грыжы ён трывае моцныя болі ў спіне, да таго ж падчас арышту ў яго здарыўся гіпертанічны крыз.
Бортнік трапіў за краты падчас міліцэйскага хапуну ў канцы сакавіка, калі былі затрыманыя 11 былых і цяперашніх супрацоўнікаў Полацкага музею- запаведніка. Ва ўсіх правялі ператрусы, забралі кампутары і мабільныя тэлефоны, а пазней асудзілі па адміністрацыйных справах. Ігару Бортніку і фатографу Ігару Супранёнку Наваполацкі гарадскі суд прысудзіў па два арышты запар. Абодва дагэтуль застаюцца пад вартай.
Міхась Хмара