Чацвер, 07 Верасень 2023

Тэлеграм-канал, блізкі да віцебскіх сілавікоў, прапануе даносіць на «экстрэмістаў» праз новы чат-бот

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Чат-бот стваральнікі называюць «новым другом», якому можна «анонимно сообщить о совершении действий экстремистской направленности, либо о лицах, причастных к экстремизму». Відавочна, што вядзецца пра палітычныя праявы «экстрэмізму», калі людзей караюць штрафамі і суткамі за падпіскі на інтэрнэт-рэсурсы, прызнаныя ў Беларусі экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Інакш кажучы, жыхароў Віцебшчыны запрашаюць «стучаць» на сваіх калег, суседзяў, знаёмых і гэтак далей. Ахвотных «закласці» каго-небудзь увогуле няшмат, але такія выпадкі здараліся. Да прыкладу, работніцу аршанскага льнокамбіната арыштавалі на трое сутак па даносе калегі, якой не спадабаўся посуд, з якога дзяўчына піла гарбату на працы – гэта быў тэрмакубак, на якім пад уздзеяннем цяпла праступалі белыя і чырвоныя палосы і выява «Пагоні».

Увогуле ж тэлеграм-канал «Северная столица (Vitebsk news)» , які прапануе «пасябраваць» з ботам для даносаў, спецыялізуецца на перадруку навінаў пра дзейнасць сілавых структур і стварэнні ўласнага кантэнту. Гэта відэаролікі здзеклівага зместу, змантажаваныя з фрагментамі «пакаянных відэа», запісаных міліцыянтамі.

Жанна Жалейка