26 верасьня віраваньне народных масаў выплюхнулася вонкі. З 18-1 да 19-й гадзіны подпісы пад зваротам зьбіралі ля помніку Ўладзімеру Караткевічу, які, як і музэй Міная Шмырова, мяркуецца дэмантаваць і перанесьці ў іншае месца.
Вакол зоны будаўніцтва ўжо ўсталёўваюць мэталёвы плот і неўзабаве пачнуць сьпілоўваць першыя дрэвы. Гэтыя акалічнасьці і заахвоцілі людзей да актыўных дзеяньняў.
Мяркуючы па тым, што акрамя ахвотных падпісацца на месцы збору ад самага пачатку ўжо была пара чалавек з чыста пратакольнымі тварамі, можна меркаваць, што прадстаўнікі праваслаўнай грамады ці нейкія іншыя сілы да стыхійнага выразу грамадзкай думкі падрыхтаваліся загадзя.
«Сабор – гэта чысьціня, гэта цела Хрыста. А вы за сабак галасуеце, ваша сьведамасьць вышэй за сабак не ўзьнімаецца. У парку дрэвы – на сорак адсоткаў трухлыя. Ніводзін настаяцель бязладзіцы вакол храму не дапусьціць», – зьвягліва парыраваў довады прыхільнікаў захаваньня парку адзін з гэтых самых прадстаўнікоў.
Неўзабаве падышоў і настаяцель парафіі Сафійскага сабору Віцебску протаіярэй Міхаіл Мартыновіч.
– Што за мітынг? Пра што гамоніце, сябры! Вы прыгадайце нашы сьвятаайцоўскія і нацыянальна-патрыятычныя традыцыі. Вось адродзім сьвятыню! І ўсё яшчэ больш пахарашэе. Месца ж тут гістарычнае, – зь непатрэбным у гэтым выпадку патасам зьвярнуўся сьвятар да прысутных.
– Я каталічка, мне Сафійскі сабор не патрэбен, але ў свой час я хадзіла на суботнікі, пералічвала грошы на будаўніцтва Ўсьпенскага сабору – гэта наша гістарычная каштоўнасьць, а тут што? Тут ніколі нічога не было. Давайце лепш адбудоўваць Мікалаеўскі сабор, каб мой горад набыў сваё аблічча, – парыравала довады протаіерэя маладая жанчына.
– І Мікалаеўскі адродзім, і Праабражэнскі адродзім. Я прыйшоў сюды, каб вас паслухаць і заклікаць да разважнасьці. Вялікі дар царквы – гэта дар разважнасьці.
– Чым плот ставіць, лепш бы дзіцячую пляцоўку зрабілі. І старыя-пэнсіянэры тут шпацыравалі, адзіны парк у горадзе застаўся. Гэтых цэркваў ўжо цераз край: ад епархіі і да гатэлю «Віцебск». Пальцаў ня хопіць пералічыць. І пустыя ўсе! – з асаблівым запалам ўступіла ў гутарку актыўная пажылая жанчына.
– А парк мы добраўпарадкуем, і набярэжная будзе! Калі мы пабудуем Сафію, мо дарогу ня стануць будаваць!
– Так, вядома! Будуць грошы – пабудуюць!
– Бо тут хочуць пабудаваць дарогу па тры паласы ў абодва бакі.
– Усё ўпіраецца ў грошы, і сабор тут ні пры чым, – ізноў уставіла сваю рэпліку дужа актыўная пэнсіянэрка.
– Ужо агароджваюць. Пяцьдзясят мэтраў – бясьпечная тэрыторыя. Будзем будаваць, – не спыняўся сьвятар, цалкам упэўнены ў сваёй праваце. Яго нават не прымусіла задумацца рэпліка мужчыны, які сказаў, што будаўніцтва чацьвёртай Сафіі, – гэта скажэньне гісторыі і сваеасаблівая правакацыя.
– Мы прыйшлі сюды, каб вы зразумелі – гэтага рабіць нельга!
– Будзем рабіць, абавязкова будзем рабіць! Сьвятаайцоўскую гісторыю будзем адраджаць. Рабіць будзем супольна, удзельнічаць будзе і Ўкраіна, і Беларусь, і Расея. У нас, у Віцебску, да рэвалюцыі было больш за трыццаць храмаў, таму трэба кампэнсаваць чымсьці. Будаваць будзем абавязкова. Гэта – адметны храм. Гэта гістарычнае месца. Я хачу, каб мае ўнукі бачылі, якая Сафія была раней. Адновім такой, якой яна была ў 11-м стагодзьдзі.
– Як «адновім», калі яго не было ў Віцебску? Едзьце ў Полацак і аднаўляйце.
– На Куйбышава аднавіце, там кут пустуе.
– А давайце вы лепш гэты цудоўны храм паставіце на пустцы ля Лядовага палаца.
– Вы ведаеце, я бачыла плян будаўніцтва сабора, і там значная частка плошчы адыходзіць пад аўтамагістралі. А што гэта значыць? Гэта значыць: пыл, выхлапныя газы і зьнішчэньне гэтага гістарычнага месца з архітэктурнымі помнікамі 19 стагодзьдзя. Гэта і зьнішчэньне будынку музэю імя Шмырова, але ж у кожнай беларускай сям'і жыве памяць пра вайну. Беларусы паважаюць сваіх продкаў, а вы хочаце гэта раздушыць. І гэта ўжо намалявана. Вы хочаце раздушыць і запраторыць пад асфальт і Караткевіча, і Шмырова. А гэта таксама ёсьць наша памяць. Адзін напісаў «Замак Альшанскі» пра вайну, а другі пераступіў праз кроў сваіх дзяцей. Помнік Караткевічу і музэй Шмырова мяркуецца перанесьці, але пры пераносе страчваецца іх гістарычная каштоўнасьць. Бо гістарычнае месца там, дзе яны стаяць ужо не адно дзесяцігодзьдзе. Калі на газоне паставіць сучасны будынак – гэта ўжо ня будзе музэй Шмырова. А для Караткевіча нават месца яшчэ ня вызначанае. І чаму гэта мы павінны слухаць нейкага немца Мілера з Расеі, які прыйшоў сюды зь вялікім гаманцом, каб зьнішчыць нашу гістарычную памяць? Беларусы сьціплыя, але тое, што яны выйшлі сягоньня, кажа пра тое, што дапякло, – маналёг жанчыны быў доўгім і пранікнёным.
Але наўрад ці голас калектыўнага розуму быў пачуты Міхаілам Мартыновічам, як і ўсёй праваслаўнай грамадой. Цешыць іншае: такога кшталту выступы могуць сьведчыць пра зараджэньне пратэставых настрояў у беларускім грамадзтве, пра рост нацыянальнай самасьвядомасьці грамадзян і пра непрыманьне накінутых прарасейскімі сіламі сацыякультурных і рэлігійных ідэалаў і каштоўнасьцяў.
https://vitebsk.dns.army/news/akcyi/item/1997-tsi-pachue-prezydent-golas-narodu-pravaslaunaya-tsarkva-ne-pachula#sigProIdcc527f712e
С. Горкі