Другі год запар віцебскія ўлады разам з праваслаўнай царквой успамінаюць ахвяраў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Сёлетняе мерапрыемства амаль цалкам адпавядала мінулагодняму сцэнару. Тыя самыя словы, тыя самыя патасныя вершы, тыя самыя удзельнікі: прадстаўнікі улады, курсанты кадэцкай вучэльні, юныя пажарнікі, і, нібы не да месца, некалькі ліквідатараў, для якіх не падумалі нават паставіць крэслы, хаця некаторым стаяць ужо было цяжка. Заўважыўшы тое, становішча выправіў нехта з прысутных, і крэслы неўзабаве зьявіліся.
Вядомыя зь мінулагодняга выступу вершы гучаць у сьценах царквы ў выкананьні прафэсійнага артыста:
Простые, добрые ребята –
Их тысяча, и их не счесть.
Они здесь потому, что надо.
Чернобыль – совесть их и честь.
Гучаць нібыта шчыра, нібыта ўсё праўдзіва, але ў кожным слове – падмена. Падмена, якая хавае горкую праўду пра Чарнобыль. Праўду пра тое, што сотні тысяч простых і добрых хлопцаў вымушаныя былі заплаціць сваім жыцьцём і здароўем за чужое невуцтва і парушэньне нормаў эксплёатацыі АЭС.
Ад улады слова ў памяць пацярпелых ад Чарнобылю казаў старшыня Віцебскага гарадзкога Савету дэпутатаў Уладзімер Бялевіч. Сухія лічбы, казённыя словы для праформы, за якімі ня бачна асабістага стаўленьня да таго, пра што гаворыцца. Мяне ўвесь час ўражвае гэтая татальная няздольнасьць прадстаўнікоў улады знаходзіць адпаведныя сытуацыі словы.
Як і летась, шчырай была царкоўная літыя ў памяць пажарнікаў, ліквідатараў і пацярпелых ад узьдзеяньня радыяцыі.
Пасьля таго, як мерапрыемства ў Сьвята-Ўсьпенскім саборы скончылася, грамадзяне паставілі памінальныя сьвечкі ды паціху разышліся.
А вось ліквідатары, сябры грамадзянскай арганізацыі “Зьвяз Чарнобыль-Беларусь”, ды прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасьці гораду спусьціліся да Дзьвіны і пусьцілі па рацэ жалобны вянок у памяць тых, каго заўчасна забраў Чарнобыль. Ніякіх прамоваў не казалі, але выразы твараў тых, хто глядзеў на вянок, што сплываў у вечнасьць, быў красамоўнейшы за любыя словы.
https://vitebsk.dns.army/news/akcyi/item/2277-u-vitsebsku-uspomnili-akhvyarau-i-geroyau-charnobylyu-afitsyjna-i-nefarmalna-fota#sigProIdc4dfe3c0ed
С. Горкі