«Віцебск мае ўдвая менш за норму зялёнай зоны. Больш як 345 тысяч жыхароў абласнога цэнтру дыхаюць паветрам, насычаным выхлапнымі газамі. А ўласьнікаў машын у Віцебску шмат. Кожны двор застаўлены тымі канямі вельмі шчыльна, разьехацца ўраньні цяжка, каб каго не "пацалаваць". А калі ў доме яшчэ месьцяцца якіясьці крамы ці службы, то і ўдзень, і ўначы становішча аднолькавае», – распавяла каардынатарка аргкамітэту БХД у Віцебску Тацяна Севярынец.
Пачалася парковачная кампанія са збору подпісаў за пашырэньне паркоўкі каля абласнога кардыялягічнага цэнтру, што на праспэкце Люднікава, дзе паркоўкі ў клясычным яе разуменьні наогул няма.
«Хто дзе ўціснуўся, там і прытуліў сваю машыну. Пасьля заўвагі адганяюць кудысь, няёмка пасьміхаюцца, а хто кідае праз плячо: "А куды я вам яе пастаўлю?", альбо нешта выразна крэпкае кшталту "А пайшлі вы!". Ці зьменіцца што-небудзь у стаўленьні адміністрацыі кардыялягічнага цэнтру да наведвальнікаў, у працы кіраўніцтва з гарвыканкаму, якое яшчэ ў 2005 годзе абяцала выправіць становішча з паркоўкай? Ці зразумеюць абыякавыя кіроўцы, што, паркуючы машыну на газоне, наносяць шкоду гораду? Мы пастараемся, каб і адно, і другое дайшло і да кіраўніцтва, і да ўладальнікаў машын», – адзначыла спадарыня Севярынец.
https://vitebsk.dns.army/news/akcyi/item/2297-ty-zh-u-nas-ne-abalduj-na-gazonakh-ne-parkuj-aktsyya-bkhd-u-vitsebsku#sigProIdf3bc5f78cf
паводле bchd.info