Журналісты спыталіся ў хлопца, чым ён кіраваўся, вылецеўшы на дарогу пад гусеніцы танкаў.
«Адбылося ўсё такім чынам – я зь сябрамі-калегамі быў на плошчы Якуба Коласа, калі ехалі гэтыя танкі. Сядзеў на лаўцы і, убачыўшы, проста пачаў выказвацца – месцамі лаянкай – пра сваё стаўленьне да парадаў. Маўляў, як вы ўжо надакучылі сваёй зброяй махаць! Вы нас прымушаеце плаціць падаткі на дармаедзтва, пры гэтым працы не даючы, а грошы вось сюды ідуць? На гэта апошнія капейкі адбіраеце? Абурыўся я, карацей. Так, быў трохі нападпітку, але ня моцна п'яны, як гэта выставілі. Мне ўсё адно трэба было на канцэрт, таму я падумаў – а што, калі напрасткі? Было таксама цікава, ці пасьпее танк спыніцца, што мне за гэта будзе?
Але галоўнае – я супраць любой вайны і зброі. Я – музыка. Пры гэтым я не належу ні да якой палітычнай арганізацыі: ні БРСМ, ні БНФ. Я проста граю музыку», – расказаў Андрэй.
Таксама ён прызнаўся, што яму было цікава, як хутка яго забяруць з дарогі – такі сабе экспэрымэнт гіпатэтычнага выбяганьня на дарогу дзіцяці.
«Інспэктары ДПС, якія затрымлівалі, паклалі мяне на капот, потым пасадзілі ў машыну, выпісалі штраф за пераход у неналежным месцы. Вось і ўсё. Пасьля я яшчэ выступіў на канцэрце, як і меўся», – кажа ён. Ускоў дадае, што ніякіх пашкоджаньняў падчас затрыманьня ён не атрымаў.
«Ці быў я пачуты? Я ня ведаю, ці будуць нейкія вынікі. Мэдыя-вынікі хіба што, – сьмяецца джазмэн. – Я ж масавых акцыяў ня ладзіў, гэта я праявіў грамадзянскую пазыцыю сваю. Што да таго палкоўніка, які параўнаў людзей з антымілітарысцкай пазыцыяй з нашчадкамі Кубэ? Я так скажу – ёсьць спэцыяльныя месцы, палігоны. Калі яны хочуць паказаць сваю мілітарыстычную сілу, то хай там парады праводзяць. Я згодны – кожная краіна ў наш час неспакойны мусіць мець зброю, у нас не ідэальны сьвет. Але парады ў такім выглядзе – калі проста па вуліцах гораду езьдзяць, то я супраць», – заявіў хлопец.
Пра рэакцыю сваякоў і сяброў ён кажа так: маўляў, бацькі проста ў шоку і думаюць, што сын звар'яцеў. А многія пішуць: «Ты герой, адзін пайшоў супраць мілітарызму, супраць вайны».
«Я вось музыка ня горшы ў краіне. Так скажам, нават вядомы ў джазе. Скажу не тоячы – я граў і з сымфанічным аркестрам філярмоніі, граў у аркестры Фінберга. Але для мяне працы ў Віцебску толкам няма. І я не прыдурак, проста не люблю такія парады», – падсумаваў Андрэй.
Арцём Гарбацэвіч, nn.by