Так, у адным з апошніх сваіх артыкулаў аўтар сцвярджаў, што сёння ў Прыбалтыцы і Украіне “адбываюцца шествия под знаменами СС, героизация предателей и коллаборационистов, прославление пособников немецко-фашистских оккупантов”, і гэта, маўляў, “осознанная государственная политика”. Каладынскі лічыць, што прыбалтыйскія краіны маюць “масштабны план”, каб “максимально ослабить российское влияние”. Паколькі ён з'яўляецца яшчэ і кіраўніком мясцовай арганізацыі ГА "Беларусское общество "Знание", то і там выразна артыкулюе афіцыйную пазіцыю ў адносінах да народаў "недружалюбных" краін: "Не забываем, что в годы оккупации на нашей территории действовали литовские, латышские и украинские батальоны, замешанные в многочисленных преступлениях против мирного населения".
Аднак журналісту не "паставілі на від", а наадварот - яго праект палічылі вартым узнагароды і пераймання. І гэта не адзіны такі прыклад: рэдактара раённай газеты "Веснік Глыбоччыны" Андрэя Панкрата, які палохаў землякоў "Яўропай" і рэгулярна выступаў з крытыкай беларускай апазіцыі або незалежных журналістаў, прызналі пераможцам Нацыянальнага конкурса "Золотая литера" за праект "Мнение" падобнага зместу. За сваю ідэалагічную адданасць Панкрату ўдалося падскочыць і яшчэ вышэй: штатнага прапагандыста ўганаравалі званнем “Чалавек года Віцебшчыны-2025”.
Смешна іншае: праекты, накіраваныя на агульнае ачарненне "недружалюбных краін", масава распачынаюцца ў дзяржСМІ, але не атрымаўшы ні прызнання чытачоў, ні ўзнагарод на конкурсах сярод такіх самых аматараў мовы варожасці, ціха паміраюць. Так, праваліўся праект “Слово офицера”, хаця на сайце расонскай «раёнкі» усё яшчэ вісіць чырвона-зялёны банэр. Telegram-канал vitebsk_info заўважыў, што падобны лёс напаткаў і праект «Другими словами», які вяла намесніца рэдактара газеты «Витебские вести» Алена Сыс. Але пра свае правалы дзяржпрапагандысты "сціпла" маўчаць.
Віталь Крупка