Аўторак, 06 Студзень 2026

Праваліўся ідэалагічны праект расонскай “раёнкі”

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У красавіку 2023 года на сайце газеты “Голас Расоншчыны” быў распачаты  праект “Слово офицера”. Ен быў прэзентаваны як так званая «дыялогавая пляцоўка», але не для дыялогу з чытачамі, а для маналогаў чатырох жыхароў рэгіёну, былых вайскоўцаў і міліцыянтаў у адстаўцы. Яны выказваліся на палітычныя тэмы, усхваляючы кіраўніцтва Беларусі і Расіі і ганячы жыццё ў найбліжэйшых еўрапейскіх краінах.

Цягам 2023 году  землякоў «вучылі жыццю»  падпалкоўнік у адстаўцы Грыгорый Русіновіч, кіраўнік раённай арганізацыі ГА "Белорусский союз офицеров", чалец гэтай арганізацыі, маёр Сяргей Дубкоў -- былы супрацоўнік Расонскага РАУС, падпалкоўнік Віктар Вашчанка, які служыў у МУС СССР, і Уладзімір Сакалоў – маёр МУС Расейскай Федэрацыі. На думку рэдакцыі, гэтыя людзі «ведаюць крыху болей за шэраговага чалавека, уважліва сочаць за абстаноўкай у краіне і ў свеце і гатовыя абмяркоўваць важныя грамадска-палітычныя падзеі».

"Нам не нужна западная демократия. Спасибо. Наелись", «Польша тонет. Почему власти потратили все деньги на Украину, а про свой народ забыли», «Позиция выражается бюллетенем», «Всебелорусское народное собрание: для чего оно нам всем нужно» - гэта назвы некаторых тэмаў, якія абмяркоўвалі адстаўнікі. Разважанні людзей з вельмі спецыфічным жыццёвым і прафесійным досведам  пра сучасную палітыку асаблівай цікаўнасцю ў мясцовых жыхароў не карысталіся.  Напрыклад, гутарка пра апошнія прэзідэнцкія выбары набрала ўсяго  320 праглядаў за тыдзень.

Скончылася ўсё заканамерна: пасля 25 студзеня 2025 года  пад банэрам ідэалагічнага праекта за цэлы год не выйшла ніводнай новай гутаркі з адстаўнікамі. Праект “Слово офицера” быў чарговай ідэалагічнай задачай,  пра выкананне якой паспяхова адрапартавалі і гэтак жа паспяхова забыліся.

Ірына Грамыка