Улётка «Шэсьць аргумэнтаў супраць сьмяротнага пакараньня» створаная беларускімі праваабаронцамі, якія прафэсійна займаюцца гэтай праблематыкай. Яна знаёміць грамадзян з асноўнымі прычынамі, чаму сьмяротную кару ў нашай краіне трэба адмяніць. Сярод прычынаў, напрыклад, названая «магчымая судовая памылка», якая шмат каму падаецца вельмі актуальнай, асабліва калі ўлічваць якасьць працы судовых і сьледчых органаў Беларусі.
Акцыя праходзіла ў самым цэнтры гораду – ля ўваходу ў гандлёвы цэнтар «Марко-Сіці» ды побач з падземным пераходам на плошчы Перамогі. Актывісты не абмежаваліся раздачай інфармацыйных матэрыялаў на вуліцы – частка ўлётак была распаўсюджаная праз паштовыя скрыні віцебчукоў.
Актывісты спадзяюцца, што невялічкія «сюрпрызы», якія месьцічы знайшлі ў сваіх паштовых скрынях, будуць для іх карыснымі. Бо праблема сьмяротнага пакараньня, якая зусім мала абмяркоўваецца ў грамадзтве і ў афіцыйных мэдыях, зьяўляецца вельмі важнай і актуальнай.
Сягоньня Беларусь зьяўляецца адзінай краінай у Эўропе, дзе на практыцы выконваюцца сьмяротныя прысуды. Дый ва ўсім сьвеце такіх краінаў няшмат. Напрыклад, сьмяротнае пакараньне яшчэ ўжываецца ў такіх краінах з адыёзнымі палітычнымі рэжымамі, як Паўночная Карэя і Іран.
Што да раздачы ўлётак на вуліцы, большасьць людзей з удзячнасьцю бралі інфармацыйную прадукцыю і, адышоўшы колькі крокаў, зь цікавасьцю знаёміліся зь яе зьместам. І калі, дзякуючы гэтай акцыі, праціўнікаў сьмяротнага пакараньня стала больш хоць на некалькі чалавек, то акцыя прайшла недарма.
https://vitebsk.dns.army/news/akcyi/item/2495-aktyvisty-vitsebsku-zladzili-aktsyyu-suprats-smyarotnaga-pakarannya#sigProId696b31f5a3
Уладзімер Бяляўскі