Пра пікет распавяла Магдалена Валінская, грамадзянская жонка Алана Сьміта. Акцыя прысьвечаная ня толькі ейнаму мужу, але і двум іншым вязьням, якія знаходзяцца ў калёніі «Віцьба» разам зь ім – японскаму мастаку Даічы Ёшыду і беларускаму краязнаўцу Алесю Юркойцю:
– Мы пачалі наш пратэст аб 11-й раніцы пад вялікім дажджом. Я зайшла ў кансулят, які месьціцца ў адным будынку з амбасадай, і папрасіла перадаць ліст беларускаму консулу, каб паведаміць яму пра нашу імпрэзу. Консул папрасіў пакласьці ліст у паштовую скрыню каля дзьвярэй амбасады. 15 чалавек далучыліся да майго пратэсту, я ўдзячная ім усім. Мы стаялі там і крычалі: «Свабоду Алану». Пры канцы нашага пратэсту прыйшла гарадзкая паліцыя праверыць, ці ўсё ў парадку, задалі мне, як арганізатарцы, некалькі пытаньняў і пажадалі ўдачы.
Перадгісторыя
Алан Сьміт – іракец, родам з Курдыстану, да зьняволеньня пражываў у Лёндане і меў брытанскае грамадзянства. Ён бізнэсовец, кіруе кампаніяй, якая зарэгістраваная ў Польшчы, займаецца наладжваньнем бізнэс-сувязяў курдзкіх і эўрапейскіх бізнэсоўцаў. Таксама мае фірму ў Вялікай Брытаніі, вядзе будаўнічы бізнэс у нафтавай галіне.
Алан Сьміт разам з жонкай Магдаленай (нараджэнкай Польшчы) заснаваў «Курдзка-Эўрапейскі бізнэс-цэнтар». Паводле словаў Магдалены, кампанія на легальнай аснове дапамагала бізнэсоўцам з Блізкага Ўсходу афармляць дакумэнты, каб жыць і працаваць у эўрапейскіх краінах. Акрамя таго, яны арганізоўвалі лекаваньне ў эўрапейскіх шпіталях для выхадцаў з Іраку.
– У верасьні 2016 году мы з Аланам прыехалі ў Беларусь на запыт нашага партнэра-бізнэсоўца, а таксама каб дапамагчы яшчэ адной кліентцы, якая шукала для сябе клініку. Але да нашага прыезду яна пасьпела зьвязацца зь людзьмі, замешанымі ў арганізацыі нелегальных паездак празь мяжу. Ані я, ані Алан пра гэта ня ведалі, – распавядала Магдалена «Белсату».
Напрыканцы верасьня 2016 году Алана затрымалі ў Берасьці па падазрэньні ў арганізацыі каналу нелегальнай міграцыі і перавялі ў СІЗА №2 у Віцебску.
У ліпені 2017 году Глыбоцкі суд прызнаў Сьміта вінаватым паводле часткі 1 артыкулу 371-1 (арганізацыя незаконнай міграцыі) і прысудзіў 2 гады калёніі агульнага рэжыму (абвінавачаньне патрабавала тэрмін у 6 гадоў). 14 лістапада 2017 году Віцебскі абласны суд адхіліў апэляцыю, пакінуўшы прысуд бязь зьменаў.
Што адбываецца зараз
Магдалена стварыла суполку падтрымкі Алана ў Фэйсбуку і працягвае настойваць на тым, што яе муж ні ў чым не вінаваты. Яна падтрымлівае сувязь з мужам праз адвакатаў і праваабаронцаў.
– Гэтым пікетам я хачу прыцягнуць увагу да становішча Алана ў віцебскай калёніі, – распавяла Магдалена. – Ён быў пазбаўлены лістоў, я таксама не атрымліваю ад яго практычна ніякіх вестак. Мы адчуваем праблемы зь перадачай пасылак для яго. Усіх сяброў Алана, якія размаўлялі па-ангельску, перавялі ў іншы будынак, таму ніхто ня можа дапамагчы яму зь перакладам.
Паводле словаў Магдалены, месяц таму яе муж і некалькі іншых вязьняў атрымалі сур'ёзнае атручэньне і патрапілі ў шпіталь:
– Улады турмы хавалі гэтую інфармацыю. Я хвалююся за яго здароўе, але не атрымліваю ніякай інфармацыі пра гэта. Я не магу наведаць яго, бо гэта небясьпечна для мяне. Адзіны спосаб падтрымкі сувязі зь ім – гэта лісты, – сьцьвярджае жонка зьняволенага.
Паводле словаў Магдалены, справа чакае фінальнага разгляду ў Вярхоўным судзе. Магда мяркуе, што мужа маглі б вызваліць, калі б ён прызнаў віну, бо ён ужо адбыў палову тэрміну пакараньня. Аднак, ня ведаючы расейскай, Алан адмаўляецца падпісваць якія-небудзь паперы.
– Я спадзяюся, што гэты пратэст дасьць нейкі эфэкт, і Алан вернецца дадому, – адзначае Магда.
https://vitebsk.dns.army/news/akcyi/item/2706-piket-lya-ambasady-belarusi-u-ljondane-bring-human-rights-to-vi-ba-ik-3#sigProIdb8be9acd78
Паводле nv-online.info