Прадпрымальнік Анар Іваноў арандуе памяшканьне на першым паверсе дома на Маскоўскім праспэкце, 66 у Віцебску ўжо цягам 20 гадоў. Трымае пазногцевы сэрвіс “Ірыс”.
Напрыканцы 2017 года ад моцнага парыву ветру трэснула і разьбілася вялікая шыбіна. Аскепак шкла разьбіўся каля самых ног аднаго з наведнікаў. Як кажа Анар, гэта стала апошняй кропляй.
Гарвыканкам: “Вокны мяняй сам”
“Шыбы гэтыя яшчэ савецкія, вялізныя, іх тут не мянялі ад моманту ўвядзеньня дому ў эксплёатацыю, а з той пары прайшло ўжо 44 гады. Усе гэтыя вокны старыя і небясьпечныя. І калі я падлічыў, колькі мне будзе каштаваць рамонт, апусьціліся рукі – ні такіх грошай, ні сіл у мяне няма. Але ёсьць гаспадар памяшканьня – Віцебскі гарвыканкам, якому я цягам 20 гадоў выплачваў грошы на капрамонт. Таму зьвярнуўся туды па дапамогу. Прыйшоў адказ: “Мяняй сам”. І мяне гэта вельмі абурыла”, – расказвае Анар Іваноў.
Вокны цяпер дзеля бясьпекі праклееныя папяровым скотчам, як у вайну...
Гаворыць, што ўлады спасылаюцца на дамову аб арэндзе, згодна зь якой арандатар абавязаны рабіць у памяшканьні бягучы рамонт. Але рамонт па замене такіх вялізных вокнаў цяжка назваць “бягучым”.
Галадоўнік: Магу патрапіць у даўгавую яму
“Я гатовы ўсё зрабіць за свой кошт, але толькі тады, калі буду ўпэўнены, што гэтае памяшканьне застанецца маім. Але я не ўласьнік, я – арандатар. І, шчыра кажучы, я нават ня ўпэўнены ў тым, што заўтра мяне адсюль не “папросяць”, – кажа Анар.
Папераджальная шыльдачка звонку
“Замест таго, каб мець прыбытак, плаціць падаткі, аплочваць камуналку і плаціць заробкі людзям, я магу зараз, калі пачну ставіць гэтыя вокны, патрапіць у даўгавую яму. Але ў мяне сям’я, і я вырашыў, што мушу змагацца за свой бізнэс і памяшканьне”, – дадае.
Паводле словаў уладальніка сэрвісу, сваёй галадоўкай ён хоча дамагчыся зьменаў у мэханізме перадачы права на ўласнасьць старых будынкаў людзям, якія ў якасьці арандатараў карыстаюцца імі ўжо доўгія гады.
“Не раблю нічога супрацьзаконнага”
Анар Іваноў лічыць, што гэтая праблема закранае вялікую колькасьць прадпрымальнікаў у Беларусі: “Таму ня толькі пра сябе дбаю, а стараюся для людзей”. Зьмены гэтыя, як мяркуе галадоўнік, прынясуць вялікую карысьць і дзяржаве.
Анар Іваноў галадае ў памяшканьні сэрвісу
Віцяблянін расказаў, што ў сваёй заяве ў гарвыканкам, якую накіраваў туды 7 траўня, папярэдзіў аб пачатку галадоўкі. А да гэтага схадзіў у РАУС і запытаўся, ці можа распачаць галадоўку. Адказалі: “На здароўе”. “Так што не раблю зараз нічога супрацьзаконнага”, – гаворыць 47-гадовы прадпрымальнік.
“Адчуваю лёгкасьць і галавакружэньне”
Патлумачыў таксама, што пачаў галадаць 19 траўня, але першыя дні еў суп (“Сходу ў галадоўку ня ўвойдзеш”). “А зараз нічога ня ем. Колькі скінуў вагі, ня ведаю, але адчуваю лёгкасьць у целе, ну і – галавакружэньне”, – распавёў галадоўнік.
Анар Іваноў мяркуе пратрымацца яшчэ дзён пяць, а магчыма, і больш. Будзе пратэставаць, дакуль хопіць сіл і здароўя.
Мужчына ўжо мае досьвед шасьцідзённай галадоўкі пратэсту, якую трымаў у 2016 годзе, змагаючыся, як і сёлета, за арандаванае памяшканьне, якое ў яго спрабавалі забраць. Тым пратэстам Анар Іваноў адстаяў памяшканьне, але яно так і засталося ва ўласнасьці горада.
Зьміцер Міраш, фота аўтара