Як паведамлялася раней, каля 40 чальцоў садаводчага таварыства «Суднабудаўнік» у пасёлку Цяцеркі на працягу некалькіх месяцаў выступаюць супраць зносу іх хатаў, якія трапляюць у зону падтапленьня Віцебскай гідраэлектрастанцыі. Зь імі салідарныя і жыхары вёскі Барвін на процілеглым беразе.
«Зносіць зьбіраюцца 73 хаты ў Цяцерках, дзе жывуць чальцы "Суднабудаўніка", і 24 - у Барвіне на суседнім беразе ракі. Гэта ўся вёска. Пра гэта яе жыхары даведаліся некалькі дзён таму. Ім паведамілі гэтую навіну ў прысутнасьці міліцыі. Мы правялі акцыю: 97 сьвечак - па колькасьці зносімых дамоў - пад гукі полянэзу "Разьвітаньне з Радзімай" забрала рака да будаванай ГЭС. Людзі плакалі», - распавёў чалец «Суднабудаўніка» Ўладзімер Гушчанка.
Дарэчы, у ліпені жыхары пасёлку Цяцеркі зладзілі флэш-моб: трымалі плякаты і рукапісныя шыльды з нумарамі сваіх дамоў, зь якімі ім хутка прыйдзецца разьвітацца.