Упершыню мадэль клюбнага дому зьявілася ў 1948 годзе ў ЗША. І сягоньня гэтай формай дзейнасьці ахопленыя каля пяцідзесяці краін сьвету. Сваім зьяўленьнем клюбны дом у Віцебску абавязаны ініцыятыве Мюнхенскага клюбнага дому і падтрымцы дабрачыннай фундацыі зь Нямеччыны «Акцыя – чалавек».
Распавяла дырэктарка Віцебскага КД «Крылы надзеі» Алена Міхайлаўна Барыла:
– Віцебскі клюбны дом павінен стаць адмысловай службай псыхалягічнай рэабілітацыі грамадзян, якія пакутуюць у рознай ступені на тое ці іншае нэрвова-псыхічнае захворваньне. Чальцом клюбнага дому можа стаць кожны грамадзянін, які дасягнуў 18-гадовага ўзросту, які прайшоў лекаваньне і мае патрэбу ў аднаўленьні і ўдасканаленьні навыкаў сацыялізацыі. Мадэль клюбнага дому прыдуманая ня намі, прыдуманая даўно і добра зарэкамендавала сябе ў сьвеце.
Выканаўчы дырэктар «Беларускай асацыяцыі сацыяльных работнікаў» Алена Станіслаўчык казала пра станаўленьне мадэлі клюбнага дому ў Беларусі:
– У нас у краіне першы клюбны дом быў адкрыты ў 2011 годзе ў Менску. Берасьце стала другім горадам. Сёньня – Віцебск. І на падыходзе Гародня. Атмасфэра даверу, узаемнай працы, узаемнага ўдзелу і раўнапраўя, якая ўтвараецца ў сьценах клюбнага дому, спрыяе ўцягненьню чальцоў клюбу ў актыўную дзейнасьць і дапамагае працэсу іх рэабілітацыі. Задача клюбнага дому – дапамагчы ў разбурэньні бар'ера, што існуе паміж грамадзтвам і людзьмі з псыхічнымі разладжаньнямі. Я спадзяюся, што гэтая мадэль будзе пасьпяховай, а тыя, хто сёньня прыйшоў на адкрыцьцё, зацікавяцца магчымасьцю супрацы.
Загадчыца дзіцяча-падлеткавага аддзяленьня УАЗ «Віцебскі абласны клінічны цэнтар псыхіятрыі і наркалёгіі» Алена Данілава вітала адкрыцьцё клюбнага дому. Яна адзначыла, што пасьля дасягненьня паўналецьця чалавек з псыхічным захворваньнем непазьбежна сутыкаецца з цэлым шэрагам праблем. Парушаюцца сацыяльныя сувязі, адбываецца пераацэнка сваіх магчымасьцяў на шляху ўбудаваньня ў грамадзтва. Унутраная самапавага зьніжаецца, адбываецца сацыяльная дэзарыентацыя, памяншаецца магчымасьць працаўладкаваньня і самарэалізацыі. Бо паводле статыстыкі, у псыхіятрычных лякарнях знаходзіцца ўсяго каля пяці адсоткаў хворых, якія пакутуюць на псыхічныя захворваньні. Таму задача сацыяльнай рэабілітацыі – навучыць такіх людзей самастойнасьці, дапамагчы ў адаптацыі і падтрыманьні сувязяў з навакольным сьветам.
Спэцыяліст па сацыяльнай рабоце Віцебскага клюбнага дому Дар'я Красьцьянава распавяла пра пляны і мары, што да будучыні ўстановы. Яна адзначыла, што чальцы іх дому – гэта і сям'я, і працоўны калектыў адначасова. Усе пытаньні вырашаюцца разам і на аснове кансэнсусу. На сёньняшні дзень у камандзе клюбнага дому чатырнаццаць чалавек. Арганізаваны шэраг сэкцыяў: офісная, працаўладкаваньня і навучаньня, курсы кампутарнай пісьменнасьці, вывучэньня моў, арт-сэкцыя, мяркуецца выпуск уласнага часопісу... Усё гэта будзе працаваць на пашырэньне каманды і дзеля таго, каб клюбны дом стаў месцам росту і разьвіцьця.
У завяршэньне яна выказала падзяку сябрам і партнэрам: ТЦСАН Першамайскага раёну, крэатыўным маладзёнам з творчай суполкі «Кухня 33», «Лічбавай майстэрні», арт-цэнтру VZAP, «Хрысьціянскай арганізацыі дарослых і маладых», «Жывой бібліятэцы» ў Віцебску і валянтэрам катэдры мэдычнай рэабілітацыі ВДМУ...
Але, мабыць, самым жыцьцесьцьвярджальным стала вітальнае слова матывацыйнага прамоўцы Аляксея Талая. Аўдыторыя зь непрытоеным захапленьнем выслухала беларускага Ніка Вуйніча, які марыць у якасьці плыўца ўзяць удзел у паралімпійскіх гульнях. Гісторыя чалавека, які ў шаснаццаць гадоў застаўся бяз рук і ног, але знайшоў сэнс для таго, каб жыць, стаў мужам і бацькам, дасягнуў посьпехаў у бізнэсе, адкрыў сваю фундацыю і заняўся дабрачыннасьцю, ня можа ня ўражваць і ня можа не стымуляваць іншых. Аляксей пажадаў клюбнаму дому стаць прасторай любові, а яго чальцам рабіць высілкі, безь якіх жыцьцё да лепшага ня зьменіцца.
– Людзі, любіце адно аднаго, любіце свае сем'і, сваіх дзетак, сваіх бацькоў – і ўсё будзе добра! – завяршыў ён свой выступ.
Фінансава праект клюбнага дому будзе падтрыманы цягам 20 месяцаў, таму ўжо цяпер Алена Барыла думае пра магчымасьць фінансавай падтрымкі з боку дзяржавы, якая пакуль маўчыць.
https://vitebsk.dns.army/news/bezbarernae-asjarodzdze/item/2172-vitsebski-klyubny-dom-dapamozha-u-satsyyalizatsyi-gramadzyanam-z-psykhichnymi-zakhvorvannyami#sigProId2a70b32ad7
С. Горкі