Названы Цэнтар быў створаны 1 студзеня 2016 году пры непасрэдным удзеле Фонду дэмакратыі ААН, які рэалізуе ў Беларусі праект «Пашырэньне правоў і магчымасьцяў маладых людзей з інваліднасьцю праз рэалізацыю права на працоўную і прадпрымальніцкую дзейнасьць». Асноўнай мэтай цэнтру ёсьць аказаньне падтрымкі людзям з інваліднасьцю ў іх імкненьні пачаць свой уласны бізнэс ці рамесную дзейнасьць. Паслугі, што надаюцца цэнтрам, для многіх інвалідаў зьяўляюцца вельмі каштоўнымі, бо ўладкавацца на працу ва ўмовах крызыснай беларускай эканомікі ім надзвычай цяжка. І магчымасьць арганізаваць сваю справу зьяўляецца добрай альтэрнатывай ў вырашэньні гэтай праблемы.
Гурток дэкаратыўна-прыкладнай творчасьці «Неваляшка арД» дзейнічае пры ўнітарным прадпрыемстве «Элект» ГА «БелТІЗ», на якім, як вядома, працуюць інваліды па зроку. Кіраўніком і натхняльнікам гуртку ёсьць майстар Юлія Ардынава.
У межах прэзэнтацыі прайшло дэфіле мадэляў. Дзяўчыны, амаль як на подыюме высокай моды, выходзілі перад гледачамі ў прыгожых і яркіх убраньнях, вырабленых з воўны. Многія наведвальнікі гандлёвага цэнтру з захапленьнем даставалі мабільныя тэлефоны і прымаліся з прагнасьцю фоткаць мадэляў і іх незвычайныя ўборы. «Зімовая казка», «Пярсьцяначка» – вось назвы толькі некаторых работаў, прадэманстраваных мадэлямі. Акрамя адзеньня былі прадстаўленыя таксама пацеркі, брошкі, торбачкі і іншыя аксэсуары з воўны, якія дазвалялі зрабіць вобраз больш выразным.
Таксама арганізатарамі была праведзеная конкурсна-гульнявая праграма з фальклёрнымі элемэнтамі. Кожны ахвотны мог узяць удзел у розных жартоўных спаборніцтвах або адказаць на нескладанае пытаньне-загадку і стаць уладальнікам сувэніру, зробленага рукамі ўдзельнікаў майстэрні.
Цягам усёй імпрэзы можна было цешыцца з выступу народнага мужчынскага вакальнага гурту «Хорус», які, як і майстэрня, арганізаваны пры ўнітарным прадпрыемстве «Элект» ГА «БелТІЗ». І яго ўдзельнікамі таксама зьяўляюцца інваліды па зроку. У іх выкананьні прагучалі вядомыя і папулярныя песьні.
Па завяршэньні імпрэзы ахвотныя мелі магчымасьць набыць упадабаныя рэчы – гаманцы, бірулькі, пацеркі, шапкі і іншыя вырабы з воўны. Але пакупнікоў знайшлося ня вельмі багата. Відаць, вырабы ў стылі «хэнд-мэйд» пакуль не карыстаюцца ў нашых грамадзян вялікай папулярнасьцю. У адрозьненьне ад эўрапейскіх краінаў, дзе ўсё больш людзей набываюць сабе рэчы, зробленыя рукамі ў арыгінальным аўтарскім стылі, што дазваляе падкрэсьліць яе уладальнікам сваю індывідуальнасьць.
https://vitebsk.dns.army/news/bezbarernae-asjarodzdze/item/2649-nevalyashka-ard-majsternya-dze-stvarayutstsa-aryginalnyya-rechy#sigProId3cb1ae94db
Уладзімер Бяляўскі