Вечар 24 чэрвеня выдаўся для Інгі Багінскай, дырэктаркі арт-цэнтру VZAP, вельмі насычаны. Да яе ў госьці на адкрыцьцё выставы “Я” прыйшлі дзясяткі выхаванцаў клюбнага дому “Крылы Надзеі”, а таксама іх сваякі і знаёмыя. Гэтая выстава партрэтаў ёсьць часткай сацыяльнага антыстыгмацыйнага праекту, што накіраваны на падтрымку людзей, якія перанесьлі псыхічныя захворваньні. У якасьці натуршчыкаў выступілі ўдзельнікі клюбу ды самі мастакі і іх знаёмыя.
“Я”: мы розныя, але маем шмат агульнага
Аўтары праекту хочуць “паказаць грамадзтву, што адрозьненьні паміж людзьмі нязначныя, калі перад намі раскрываецца ўнутраны сьвет і асоба чалавека”.
“Мы вельмі хацелі прыцягнуць увагу да гэтай тэмы. Ідэя была ў тым, што маладыя мастакі малююць партрэты розных людзей, адлюстроўваючы іх пачуцьці і эмоцыі. Мы асобы, мы ўсе быццам бы розныя, але ў нас вельмі шмат агульнага”, – скажа на вэрнісажы Інга Багінская.
Інга Багінская на адкрыцьці выставы. Фота: Андрэй Тавалжанскі
Яна ня толькі кіруе арт-цэнтрам, але і апякуецца “клюбам”, бясплатна дае памяшканьне для выхаванцаў. Дапамагае ім чым можа. Выстава “Я” прайшла пры яе непасрэдным удзеле. Сябры клюбнага дому, у сваю чаргу, за колькі дзён да адкрыцьця дапамаглі з афармленьнем заляў.
Партрэты падораць мадэлям
“Мяне, як аўтара, заўсёды цікавілі тэмы чалавека, соцыюму. Мне цікава разьбірацца ў сабе і ва ўчынках іншых людзей. Думкі ў галаве віруюць, шукаюцца адказы на тыя ці іншыя пытаньні. Нейкія важныя для мяне тэмы я інтэрпрэтую для палотнаў, для графікі”, – дзеліцца думкамі мастачка Анастасія Красоўская, натхняльніца праекту.
Анастасія Красоўская. Фота: Андрэй Тавалжанскі
Пра існаваньне клюбнага дому Анастасія даведалася дзякуючы курсам для мэнэджэраў культуры “Віцебскі арнамэнт”, у якім яна брала ўдзел у 2017-м і 2018-м гадах. Там жа пачула пра сыстэму стыгматызацыі і дыскрымінацыі па розных прыкметах. У якасьці курсавога праекту вырашыла зладзіць падобную выставу. Знайшоўшы аднадумцаў, супольна прыйшлі да ідэі, якім чынам ажыцьцявіць праект.
“Маляваць з натуры вельмі цяжка, таму што трэба вельмі доўга сядзець у нерухомасьці. Ня кожны вытрымае. Таму вырашалі маляваць з фатаграфіяў. Бо фотаздымак таксама перадае характар чалавека”, – дзеліцца падрабязнасьцямі мастачка.
Фатаграфіі з выхаванцамі ўзгадняліся загадзя. Браліся менавіта тыя, зь якіх самі мадэлі хацелі, каб іх малявалі. Перад тым як пачаць, мастакі знаёміліся з “натуршчыкамі”, сустракаліся некалькі разоў, размаўлялі зь імі, выбіраліся на шпацыр, узаемадзейнічалі.
На выставе "Я". Фота: Андрэй Тавалжанскі
У праекце ўзялі ўдзел 6 мастакоў зь Віцебску ды Менску. Прэзэнтацыя прайшла ў 2018 годзе ў межах “Віцебскага арнамэнту”. У плянах – правесьці выставу ў абласных цэнтрах краіны, асабліва ў тых гарадах, дзе ёсьць клюбныя дамы. А пасьля гэтага партрэты будуць падораныя мадэлям.
Тут усе на роўных
Мастачка зь вялікім задавальненьнем успамінае працу над карцінамі, зь цеплынёй узгадвае выхаванцаў: “Косьця – вельмі цікавы чалавек. Калі мы пазнаёміліся ў клюбе, ён быў вельмі сарамлівы. Расказваў, што спачатку не хацеў хадзіць у клюб, але потым яму спадабалася. Ён пазнаёміўся зь людзьмі, стаў наведваць імпрэзы. Зараз вельмі гаваркі, усьмешлівы і прыемны чалавек, які выклікае вялікую прыхільнасьць. А Яну я малявала ў ярка-жоўтых тонах, бо яна і сама такая яркая!”
Што казалі пра мастацкія працы самі мадэлі? Меркаваньні былі розныя, але ў цэлым усім спадабаліся. Хтосьці з цяжкасьцю пазнаў сябе, а хтосьці – вельмі хутка.
Фота: Андрэй Тавалжанскі
Арганізацыя і правядзеньне падобных імпрэзаў – частка вялікай працы па сацыялізацыі і рэабілітацыі сябраў клюбу. Яны пастаянна ўдзельнічаюць у майстар-клясах, выставах, тэатральных пастаноўках, канцэртах, экскурсіях. Бралі нават удзел у форум-тэатры – як акторы. Ім аплядыравалі ў Менску, Гомлі, Магілёве і, зразумела, у Віцебску.
Асаблівасьцю клюбнага дому ёсьць і тое, што тут усе на роўных, кожны – самадастатковы сябар. У кожнага ёсьць свае правы і абавязкі, за кожным, па яго жаданьні, замацоўваецца нейкая функцыя.
"Крылы Надзеі" бралі ўдзел у форум-тэатры. Фота Сяргея Стрыжонка
У клюбным доме людзі з мэнтальнымі асаблівасьцямі атрымліваюць упэўненасьць у сваіх сілах, сацыяльныя кантакты, неабходныя для актыўнага жыцьця ў грамадзтве і працоўнай дзейнасьці. Тут спасьцігаюць новыя веды і навыкі.
Пазбавіцца стыгмы
Сустрэчы ў клюбе праходзяць 2-3 разы на тыдзень. Але клюбнікі і так сустракаюцца амаль штодзень. А ў выніку радзей трапляюць у шпіталь. У тых жа, хто наведвае яго рэгулярна, не было аніводнай шпіталізацыі з прычыны абвастрэньня захворваньня, хаця да гэтага бывала па тры ці больш шпіталізацыяў за год.
“Часам здаецца, што гэтай праблемы няма і пра гэта ня трэба казаць. Прасьцей гаварыць пра іншыя хваробы. Лічыцца, што пра псыхічныя захворваньні гаварыць няёмка, нават – сорамна. І ёсьць такое паняцьце, як стыгма. Часам на чалавека, які мае такое захворваньне, навешваецца нэгатыўны ярлык”, – кажа псыхоляг Вера Лабейка, каардынатарка клюбнага дому, якая ў якасьці валянтэра праводзіць з выхаванцамі трэнінгі і заняткі.
Вера Лабейка. Фота Галіны Васільевай
Стыгма – таўро, якое ставілі на целе рабоў ці злачынцаў у старажытнай Грэцыі. Цяпер тэрмін выкарыстоўваецца для маркіраваньня нейкай асаблівасьці, разьбежнай з агульнапрынятымі нормамі ці стэрэатыпамі, і таму – непажаданай.
“Часам гэтыя людзі аказваюцца зусім ізаляванымі і не атрымліваюць неабходнай падтрымкі. Вельмі часта бывае, што вельмі неабходныя акурат чалавечая ўвага і камунікацыя, своечасова працягнутая рука. Можаце ўявіць сабе, як нялёгка такім людзям жыць у нашым грамадзтве?” – пытаецца Вера.
Пра сваіх выхаванцаў яна можа гаварыць доўга.
“На кулінарны дзень, на дні народзінаў мы зьбіраем, чыста сымбалічна, грошы. Дык вось больш сумленнага, больш пісьменнага, больш далікатнага бухгальтара я ў сваім жыцьці не бачыла. Усё адбываецца пад Вользіным кантролем. Ні разу такога не было, каб яна нас падвяла”, – хваліцца псыхоляг.
Арт-тэрапія ад валянтэраў
У сваёй працы Вера не адна, на дапамогу да яе часам прыходзяць валянтэры – віцебскія студэнты. Яны таксама праводзяць у клюбе розныя заняткі і трэнінгі.
“Калі прыйшлі першы раз, дык троху баяліся, але перамаглі свой страх. А потым выказалі жаданьне наведаць нашых новых сяброў зноў, ужо асобна ад заняткаў”, – кажа Маша, студэнта 3 курсу факультэту сацыяльнай пэдагогікі і псыхалёгіі ВДУ імя Машэрава.
Валянтэрка Маша зь сяброўкай
“Нам падабацца працаваць з гэтымі людзьмі. Але бывае і цяжкавата, бо вялікага досьведу ня маем, вывучалі збольшага тэорыю. Пачынаеш непакоіцца, калі яны, расказваючы пра нешта, раптам змаўкаюць, губляюцца. І ты баішся ім задаць пытаньне. Але з кожным разам атрымліваецца ўсё лягчэй, бо яны ўжо цябе ведаюць, і ты іх ужо ведаеш”, – дадае яе аднакурсьніца.
Яны разам прыйшлі ў бібліятэку, каб правесьці арт-тэрапію. На занятках з выхаванцамі малююць, лепяць фігуркі з плястыліну. Гэта мае дазволіць ім выказаць на сымбалічным узроўні самыя розныя пачуцьці і эмоцыі, а таксама – гарманізаваць псыхічны стан, спрыяць наладжваньню кантактаў і даверлівага дыялёгу.
Разьлічваць на сябе
Віцебскі клюбны дом “Крылы Надзеі” быў заснаваны 1 лютага 2017 як праект грамадзкай арганізацыі “Беларуская асацыяцыя сацыяльных работнікаў”. Першапачаткова фінансавую падтрымку праекту аказваў нямецкі фонд “Акцыя-Чалавек”. Зараз жа клюб ня мае яе. Дзяржава таксама не знаходзіць грошай для падтрымкі ініцыятывы. Застаецца разьлічваць толькі на свае сілы і ўвагу з боку неабыякавых людзей і арганізацый.
Фота Андрэя Тавалжанскага
На сёньня партнэрамі клюбу выступаюць “VZAP”, установа «Vitebsk4me», Беларускае таварыства інвалідаў, Цэнтралізаваная бібліятэчная сыстэма ды іншыя арганізацыі.
У Віцебску на канец 2018 году налічвалася 13 467 чалавек з псыхічнымі захворваньнямі. Усяго ў Беларусі – каля 300 000 чалавек. Па сутнасьці, насельніцтва буйнога абласнога цэнтру.
Уладзімер Бяляўскі