Чацвер, 15 Лістапад 2018

Віцебскіх маладзёнаў заклікалі задумацца аб праблеме дыскрымінацыі

Ацаніць гэты матэрыял
(7 галасоў)

Пад слоганам «Розныя – роўныя» з 9 па 16 лістапада ў многіх гарадох Беларусі праходзіць тыдзень мерапрыемстваў супраць расізму і антысэмітызму. У Віцебску ў межах гэтай кампаніі 11 лістапада прайшла Жывая бібліятэка.

Ініцыятарамі і арганізатарамі асьветніцкага тыдня выступілі праваабарончая арганізацыя «Human Constanta», цэнтар разьвіцьця эфэктыўнай камунікацыі «Жывая бібліятэка Беларусь», а таксама валянтэрская служба ПЦ «Вясна», МГА «Гендэрныя пэрспэктывы», праваабарончая ініцыятыва «Журналісты за талерантнасьць», Задзіночаньне беларускіх студэнтаў (Belarusian Students' Association), РПГА «Прававая ініцыятыва», асьветніцка-адукацыйная ініцыятыва «Праўныя дарэктары», Цэнтар беларускай мовы ў Гомелі, Кінаклюб 451F, ініцыятыва «Legalize Belarus», праект пра гендар і сэксуальнасьць «Makeout», сетка моладзевых ініцыятываў «Y-PEER Belarus».

Асноўная мэта мерапрыемстваў тыдня – паказаць людзям, што дыскрымінацыя зьяўляецца часткай нашага паўсядзённага жыцьця, і зь ёй можа сутыкнуцца кожны з нас незалежна ад полу, сацыяльнага статусу ці нацыянальнасьці, бо кожная з гэтых прыкмет можа стаць прычынай уціску, зьнявагі, кпінаў і зьдзекаў.

Фармат Жывой бібліятэкі: сустрэча «кнігаў» – людзей, што маюць тую ці іншую ідэнтычнасьць або погляды на жыцьцё, і «чытачоў» – удзельнікаў імпрэзы. 

Пачуць жыцьцёвыя гісторыі 11 герояў-кнігаў на віцебскую сустрэчу прыйшло каля 50-ці маладзёнаў, у асноўным старшаклясьнікі. Яны змаглі даведацца, зь якімі праблемамі сутыкаюцца людзі з розных сацыяльных груп.

Перш чым вызначыцца з тым, якую кнігу паслухаць, чытач мог азнаёміцца з кароткай інфармацыяй пра кожнага з герояў.

Так, у анатацыі да кнігі «Вася, трансгендэр» пазначалася: «Гэтая кніга распавядзе пра тое, як жыць з поўным неразуменьнем з боку маці, пра «бяспраўнае» падлеткавае жыцьцё, складанасьці знаходжаньня ў грамадзтве, як прыняць несправядлівасьць, знаходзіць у ёй плюсы, і наколькі важныя сапраўдныя сябры, калі ўсе вакол, здаецца, супраць цябе». У даведцы пра 22-гадовую бісэксуалку Вікторыю паведамлялася, што яна «ня раз сутыкалася са стэрэатыпамі кшталту «лесьбіянкі і бісэксуалкі нежаноцкія», «гэта да першага добрага мужчыны», «гэта няправільна і ненатуральна». Ціск з боку грамадзтва выклікаў у Вікторыі жаданьне адгарадзіцца ад думкі асяродзьдзя. Яна марыць, што прадстаўнікі ЛГБТ «выйдуць зь ценю», змогуць адкрыта выяўляць свае пачуцьці, і гэта ня будзе зьневажаць».

Найбольшую цікавасьць у чытачоў выклікаў герой, якога цяжка залічыць да катэгорыі дыскрымінаваных грамадзян – прэзыдэнт байкерскага клюбу Ільля. Ахвотных было так шмат, што запіс на яго быў спынены, і ня ўсім удалося яго паслухаць.

Расказаныя гісторыі павінны паспрыяць павышэньню папулярнасьці ў краіне ідэяў цярпімасьці, талерантнасьці і роўнасьці.

Уладзімер Бяляўскі