У адрозьненьне ад іншых гарадоў, дзе прыпынкі па-беларуску абвяшчае электроннае прыстасаваньне, у аршанскіх аўтобусах гучыць голас мясцовага вядоўцы тэлеканалу СКІФ Сяргея Бойкі. Аўдыёзапіс на расейскай мове зьявіўся нібыта пасьля таго, як «нейкая грамадзянка» нібыта заўважыла памылкі ў ранейшым, беларускамоўным варыянце. Афіцыйнай прычыны, навошта спатрэбіўся пераклад, аршанцам не патлумачылі.
Яшчэ ў 2015 годзе грамадзкія актывісты, у тым ліку з Таварыства беларускай мовы, зьвярталіся да дырэктара аўтапарку №3 Сяргея Мацкевіча з просьбай вярнуць абвесткі на беларускай мове. Ліставаньне расьцягнулася на гады, прычым гараджане прапаноўвалі сваю дапамогу, што да перакладу. Урэшце кіраўніцтва аўтапарку паведаміла, што ўжо мае адмысловы аўдыёфайл з назвамі прыпынкаў па-беларуску. Але ён так і ня быў выкарыстаны.
Пераканаўшыся, што на мясцовым узроўні праблема не вырашаецца, аршанцы зьвярнуліся ў галаўное прадпрыемства – ААТ «Віцебскаблаўтатранс». З атрыманага адказу за подпісам намесьніка генэральнага дырэктара Сяргея Залескага вынікае, што абласное кіраўніцтва не зацікаўленае нешта мяняць. «У цяперашні час прыпынкі абвяшчаюцца на адной зь дзяржаўных моваў – на расейскай, і гэта не супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь», – гаворыцца ў лісьце.
Генрых Сухадольскі