“Патрабую выправіць парушэньні заканадаўства і абавязаць адказныя ворганы стварыць на беларускай дзяржаўнай мове старонкі інтэрнэт-рэсурсаў, якія датычныя да выбарчай кампаніі 2019 году”, – гаворыцца ў скарзе Канстанціна Смолікава.
У прыватнасьці, ён называе сайт Віцебскага аблвыканкаму, старонкі Віцебскага і Наваполацкага гарвыканкамаў, а таксама ўсіх раённых выканаўчых камітэтаў Віцебскай вобласьці.
Старонка самой абласной камісіі па выбарах, куды скардзіцца Смолікаў, таксама ня мае беларускамоўнай вэрсіі.
Пераключыўшыся, напрыклад, на беларускамоўную вэрсію сайту Віцебскага гарвыканкаму, карыстальнікі трапляюць на анонсы падзеяў ХХVIII фэстывалю “Славянскі базар”, які даўно скончыўся. Людзі трапляюць у мінулае. Пра выбарчыя банэры на старонцы няма і гаворкі.
“Такое парушэньне заканадаўства зьяўляецца вельмі паказальным”, – заўважае ў скарзе Канстанцін Смолікаў. Патрабуе неадкладна яго выправіць.
Год таму, у жніўні 2018 году, “Віцебская вясна” пісала, што беларускамоўныя вэрсіі маюць толькі чатыры з 23-х сайтаў выканкамаў на Віцебшчыне.
Зьміцер Міраш