Набыць танней прадукты сельгасвытворчасці жыхары Віцебшчыны імкнуцца на так званых сезонных кірмашах. Адзін з такіх кірмашоў – гэта выстава-продаж «Восеньскі карагод», які прайшоў у абласным цэнтры ў мінулыя выходныя. Тут сваю прадукцыю, а найперш зерне, садавіну, гародніну і бульбу прапаноўвалі ўстановы адукацыі Віцебскай вобласці. Бо ў сучаснай Беларусі лічыцца нармальным, калі школьнікі, студэнты і навучэнцы каледжаў не толькі вучацца, але й працуюць на палетках навучальных установаў. Кошты на бульбу, мёд, саджанцы пладовых дрэваў на кірмашы «Восеньскі карагод» насамрэч былі меншымі за «базарныя», а заробленыя грошы пайшлі на рахункі адміністрацый удзельнікаў.
Кіраўнік ВАСД Уладзімір Цярэнцьеў заявіў у інтэрв’ю газеце «Віцьбічы», што ёсць сэнс праводзіць «Дажынкі» не толькі для працаўнікоў сяла, а яшчэ й для навучальных установаў, дзе выхаванцы таксама займаюцца вырошчваннем сельскагаспадарчай прадукцыі. І што на наступны год такія «Дажынкі» абавязкова адбудуцца. А гэта значыць, што ў штучнае спаборніцтва аграрыяў, якое не мае аніякага практычнага выніку, будзе ўцягнутае яшчэ адно, маладое пакаленне жыхароў вобласці.
Зрэшты, традыцыя выкарыстоўваць вучнёўскую моладзь для амаль што дармовай працы ў сельскай гаспадарцы бярэ пачатак з савецкіх часоў. Студэнцкія паездкі «на бульбу» і «на лён» добра памятаюць сённяшнія 50-60-гадовыя жыхары вобласці. І з часы іхнай маладосці ў сельскай гаспадарцы, няздольнай самастойна забяспечыць «перамогу» у «бітве за ўраджай», практычна нічога не змянілася. 3-га кастрычніка Аляксандр Лукашэнка загадаў, каб дзеля дапамогі вяскоўцам «мабілізавалі» студэнтаў, навучэнцаў установаў сярэдняй спецыяльнай адукацыі і нават школьнікаў. Гаворкі пра тое, што «мабілізацыю» трэба ўзгадняць з бацькамі непоўнагадовых, нават не паўстае. У адказ на тое, што ў некаторых навучальных установах школьнікаў забаронена прыцягваць да сельскагаспадарчых работ, ён заявіў: «Большай дзікасці я ўявіць не магу. Калі чалавек пойдзе і 5-6 гадзін папрацуе, гэта і бацькам радасць, і дзіцю добрая фізічная падрыхтоўка».
Феліцыян Красоўскі