Дзе шукаць "Спіс экстрэмістаў"?
"Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці" публікуецца на сайце Міністэрства ўнутраных справах. Улічвайце, што з-за мяжы гэты сайт не адчыняецца.
Праваабаронцы сочаць за абнаўленнямі Спіса і інфармуюць пра адпаведныя змены праз сацыяльныя сеткі і сайт. Вось ТУТ, напрыклад, можна знайсці Спісы з апошнімі абнаўленнямі.
Каго ўключаюць у "Спіс экстрэмістаў"?
У "Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці" ўключаюцца як беларусы, так і грамадзяне іншых дзяржаваў, асуджаныя па "злачынствах экстрэмісцкай накіраванасці" пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе. Гэта людзі, якіх асудзілі па крымінальных справах. Асуджаныя па адміністрацыйных артыкулах не ўключаюцца ў гэты Спіс. Гэта такія артыкулы Крымінальнага кодэкса, як напрыклад, 293 (удзел у масавых беспарадках), 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), 369 (абраза прадстаўніка ўлады), 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні), 341 (апаганьванне маёмасці) і іншыя "пратэсныя артыкулы".
МУС уключае і тых, хто цяпер у месцах няволі адбывае тэрмін, і тых, ужо выйшаў на волю, і тых, у каго ўжо нават пагашана судзімасць.
Якія абмежаванні для тых, каго ўключылі ў Спіс?
Згодна часткамі 3 і 4 артыкула 18 Закона "Аб супрацьдзеянні экстрэмізму" грамадзянам, у дачыненні да якіх маецца прысуд, які ўступіў у законную сілу, да пагашэння або зняцця судзімасці і на працягу пяці гадоў пасля пагашэння або зняцця судзімасці забараняецца:
займацца дзейнасцю, звязанай з абаротам наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў, зброі і боепрыпасаў, выбуховых рэчываў, педагагічнай дзейнасцю (у частцы рэалізацыі зместу адукацыйных праграм), выдавецкай дзейнасцю, займаць дзяржаўныя пасады, праходзіць ваенную службу.
Напрыклад, чалавек, які быў асуджаны па арт. 369 Крымінальнага кодэкса за абразу прадстаўніка ўлады, не зможа працаваць эканамістам у выканкаме або ідэолагам яшчэ на працягу пяці гадоў пасля пагашэння або зняцця судзімасці.
Што значыць асаблівы фінансавы кантроль экстрэмістаў?
Акрамя гэтага, фінансавыя аперацыі ўключаных у "Спіс экстрэмістаў" грамадзян падлягаюць асабліваму кантролю ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.
Так, згодна з арт. 1 Закона "Аб мерах па прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці і фінансавання распаўсюджвання зброі масавага паражэння" асаблівы кантроль – сукупнасць прымаемых органам фінансавага маніторынгу – Дэпартамент фінансавага маніторынгу Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь – мер па кантролі за фінансавымі аперацыямі на падставе інфармацыі, атрыманай ад асоб, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі, у мэтах прадухілення легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці і фінансавання распаўсюджвання зброі масавага паражэння.
Пад фінансавай аперацыяй згодна заканадаўству маецца на ўвазе здзелка з грашовымі сродкамі незалежна ад формы і спосабу яе ажыццяўлення. Пад фінансавай аперацыяй разумеюцца:
адкрыццё банкаўскага рахунку, разавыя плацяжы, перавод, паступленне, выдача, абмен, унясенне грашовых сродкаў.
Гэта значыць, фінансавыя аперацыі грамадзян, якія ўключаны ў "Спіс экстрэмістаў", падлягаюць асабліваму кантролю. Гэта значыць, напрыклад, што калі "экстрэмісту" на рахунак перавядуць грошы, то пра гэта банк паведаміць у Камітэт дзяржаўнага кантролю. Акрамя таго, усе ўдзельнікі фінансавай аперацыі, якая падлягае асабліваму кантролю, будуць ідэнтыфікаваныя.
Банк, пасля ажыццяўлення аперацыі павінен запоўніць спецыяльную форму і адправіць яе ў ДФР (п. 82 Пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 16 сакавіка 2006 г. № 367 "Аб зацвярджэнні формы спецыяльнага фармуляра рэгістрацыі фінансавай аперацыі, якая падлягае асабліваму кантролю, і інструкцыі аб парадку запаўнення, прадстаўлення, рэгістрацыі, уліку і захоўвання спецыяльных фармуляраў рэгістрацыі фінансавых аперацый, якія падлягаюць асабліваму кантролю").
А ці праўда, што часткова абмяжоўваецца заняцце медычнай дзейнасцю?
Так, уксосна. Праз забарону на працу з наркатычнымі і псіхатропнымі сродкамі абмяжоўваецца і медычная дзейнасць у частцы ўзаемадзеяння з такімі сродкамі.
А якія абмежаванні для тых, хто знаходзіцца ў няволі?
Спецыяльных абмежаванняў для тых, хто ўтрымліваецца ў месцах пазбаўлення і абмежаванні волі няма. На іх распаўсюджваюцца вышэй названыя.
А ці звязаныя "статус экстрэміста" ад МУС і "статус экстрэміста" ад адміністрацый СІЗА і калоній?
Не. Гэта розныя не звязаныя адзін з адным рэчы. Другое з'яўляецца прафілактычным улікам, як "схільных да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў". Зняволеных паводле "палітычных" артыкулаў у СІЗА і калоніях ставяць на такі ўлік ужо практычна аўтаматычна. У месцах няволі да вязняў, якія стаяць на такіх умовах, павышаная ўвага і кантроль.
Ці можна неяк абскардзіць "статус экстрэміста"?
Так, асоба можа абскардзіць уключэнне сябе ў "Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці". Для гэтага неабходна падаць скаргу ў пісьмовай ці электроннай форме ў Міністэрства ўнутраных спраў. Тэрмін для падачы скаргі – месяц, які вылічваецца са дня ўключэння грамадзяніна ў пералік. Тэрмін разгляду – не пазней аднаго месяца з дня, наступнага за днём яе паступлення (пункты 1 і 3 Пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 12 кастрычніка 2021 г. № 575 "Аб мерах процідзеяння экстрэмізму і рэабілітацыі нацызму").