«Ёсьць такая сыстэма практыкі пракурорскага нагляду, што мы распачалі па факце нанясеньня шкоды дзяржаве. То бок не ў дачыненьні да канкрэтных асобаў, а па факце, - патлумачыў Аляксандар Канюк. - Вось у рамках гэтай крымінальнай справы мы будзем шукаць вінаватых».
Аляксандар Канюк заявіў, што генпракуратура мае намер надаваць павышаную ўвагу пытаньням рацыянальнага выкарыстаньня бюджэтных сродкаў у краіне, а таксама барацьбе зь безгаспадарлівасьцю. Пры гэтым ён паабяцаў, што «ніякага паляваньня на ведзьмаў ня будзе».
31 студзеня Аляксандр Лукашэнка правёў нараду аб стане і пэрспэктывах разьвіцьця арганізацыяў канцэрну «Беллеспаперапрам». Ён рэзка раскрытыкаваў чыноўнікаў за зрыў тэрмінаў мадэрнізацыі «Віцебскдрэву» і запатрабаваў прааналізаваць шкоду ў межах крымінальнай справы.
Зьвяртаючыся да кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Андрэя Кабякова, Лукашэнка даручыў: «Запрасіце генэральнага пракурора і даручыце ў межах крымінальнай справы разгледзець усе пытаньні і палічыць страты. Са мной узгадняць ня трэба. Калі трэба за кімсьці сачыць апэратыўна, саджаць у сьледчы ізалятар — саджайце».
Паводле «СБ-Беларусь сегодня» і БелаПАН