Папраўкі ў заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб унесеныя Законам Рэспублікі Беларусь ад 15 лiпеня 2015 году №306-З і набылі моц з 23 студзеня. Яны абумоўленыя практыкай прымяненьня названага нарматыўнага прававога акту і неабходнасьцю прывядзеньня яго ў адпаведнасьць зь цяперашнімі патрабаваньнямі.
Як патлумачыў Аляксей Багдасаран, Законам зьменены парадак вылічэньня тэрмінаў накіраваньня зваротаў іншым органам і арганізацыям у адпаведнасьці з кампэтэнцыяй, а таксама пакіданьня зваротаў без разгляду па сутнасьці з адначасовым паведамленьнем пра гэтым заяўнікам. Цяпер названыя тэрміны вылічваюцца ў працоўных, а не ў каляндарных днёх; адлік тэрмінаў разгляду пачынаецца з наступнага пасьля рэгістрацыі дня; выключаны абавязак тлумачэньня парадку абскарджаньня прынятага рашэньня ў выпадку пакіданьня звароту без разгляду.
Закон таксама ўдакладняе паняцьце «паўторны зварот» і вызначае, што ім прызнаецца пісьмовы або электронны, які паступіў ад таго самага заяўніка наконт таго самага пытаньня ў тую самую арганізацыю, да таго самага індывідуальнага прадпрымальніка цягам 3 гадоў з дня паступленьня першапачатковага звароту, у тым ліку накіраваны зь іншых арганізацыяў, калі па ранейшым звароце заяўніку быў накіраваны адказ (апавяшчэньне).
– Адно з важных новаўвядзеньняў – права арганізацыяў і індывідуальных прадпрымальнікаў на спагнаньне расходаў з заяўнікаў у выпадку накiраваньня сыстэматычна неабгрунтаваных зваротаў у тую самую арганізацыю, да таго самага індывідуальнага прадпрымальніка ад таго самага заяўніка, а таксама зваротаў, якія зьмяшчаюць заведама фальшывыя зьвесткі. Да такіх расходаў, у адпаведнасьці з Законам, належаць: сумы, якiя падлягаюць выплаце экспэртам і іншым спэцыялістам, прыцягнутым да разгляду зваротаў; паштовыя выдаткі; выдаткі, зьвязаныя з разглядам зваротаў з выездам на месца, – тлумачыць старшы памочнік пракурора. – Гэтая зьмена дазволіць узьдзейнічаць на асоб, якія злоўжываюць сваім правам на беспадстаўныя звароты.
Акрамя гэтага, пашыраныя прыкметы, паводле якіх звароты прызнаюцца ананімнымі. Цяпер гэта ня толькі тыя, у якіх не пазначаныя прозьвішча, уласнае імя, імя па бацьку (калі такое маецца), ініцыялы грамадзяніна або адрас яго месца жыхарства (месца знаходжаньня), найменьне юрыдычнай асобы (поўнае ці скарочанае) або яго месца знаходжаньня, але і звароты, у якіх названыя дадзеныя не адпавядаюць рэчаіснасьці. Яны разгляду не падлягаюць.
Скарэктаваны парадак разгляду электронных зваротаў. Законам замацоўваецца абавязак разгляду толькі тых зь іх, якія пададзеныя праз адмысловую рубрыку, разьмешчаную на сайце дзяржаўнага органу або арганізацыі. Да падаваных прадстаўнікамі заяўнікаў зваротаў павінны прыкладацца электронныя копіі дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць іх паўнамоцтвы. Пры невыкананьні гэтага абавязку яны могуць быць пакінутыя без разгляду па сутнасьці.
Калі электронныя звароты аналягічнага зьместу ад розных заяўнікаў, якія паступаюць, носяць масавы характар (больш за 10), адказы на іх згодна з рашэньнем кіраўніка дзяржаўнага органу, арганізацыі або асобы, ўпаўнаважанай iм падпісваць у вызначаным парадку адказы на звароты, могуць разьмяшчацца на афіцыйным сайце без накіраваньня адказаў (апавяшчэньняў) заяўнікам.
Як і летась, найбольш значнае месца ў структуры вырашаных пракуратурай раёну зваротаў займаюць скаргі на дзеяньні і рашэньні дазнаўцаў (33), выкананьня заканадаўства падчас выкананьня крымінальных пакараньняў (32), што абумоўлена прымяненьнем Закону Рэспублікі Беларусь «Аб амністыі ў сувязі з 70– годзьдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне», па пытаньнях выкананьня заканадаўства і законнасьцю прававых актаў (15).
Сярод зваротаў па пытаньнях агульнага нагляду пераважаюць скаргі на парушэньні заканадаўства аб працы (4), адміністрацыйнай адказнасьці (5), жыльлёвага (3), арганізацыі працы са зваротамі грамадзян (2).
Мовай лічбаў
Пракуратурай Віцебскага раёну за першы квартал гэтага году разгледжаныя 29 зваротаў грамадзян, 8 зь якіх задаволеныя. Найбольшая колькасьць датычылася пытаньняў нагляду за выкананьнем заканадаўства (задаволена 3 з 7) і нязгоды з прыцягненьнем да адміністрацыйнай адказнасьці (1 з 5).
Акрамя гэтага, разгледжаныя 30 зваротаў юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, задаволеныя 19.
Юлія Гаўрыленка, pridvinje.by