За сваё праўдалюбства Пастноў два гады таму ўжо пацярпеў: зь ім быў скасаваны кантракт. Але ў сытуацыю ўмяшаўся памочнік прэзыдэнта па Віцебскай вобласьці Мікалай Дамашкевіч. Апальнаму лекару далі працу з паніжэньнем і стратай зарплаты. Па Віцебскім раёне ён абслугоўваў ФАПы.
Чыноўнікі ад мэдыцыны, відаць, спадзяваліся, што ў «ссылцы» доктару будзе нялёгка «капацца ў хібах». Але зоркае вока доктара ўсюды знаходзіла «крымінал». Месяц таму ён распавёў, як мэдпрацаўнікамі на раёне зьнішчаецца дарагая вакцына. Здавалася б, абласному начальству трэба было біць у званы, а Пастнову ўручыць грашовую прэмію за сыгнал пра недахопы. Ды дзе там.
Алею ў агонь падліў невядомы паклёпнік, які ў інтэрнэце разьмясьціў ад імя Пастнова пасквіль: маўляў, кіраўніцтва паліклінікі такое-сякое, займаецца паборамі. Ігар Пастноў тут жа зьвярнуўся ў міліцыю, каб вартавыя парадку адшукалі нягодніка. Да таго ж Пастноў у Інтэрнэце абверг паклёп, спрабуючы рэабілітаваць сябе ў вачох сваіх калегаў. Здавалася б, інцыдэнт вычарпаны, але не. Міліцыя ня здолела «вылічыць» ананіма. Хаця гэта робіцца, пры жаданьні, элемэнтарна.
Праўда, наконт інфармацыі, пададзенай у артыкуле, пра стан мэдычных устаноў, сацыяльнага становішча мэдычных працаўнікоў матэрыялы выдзеленыя ў асобную вытворчасьць і накіраваныя ў абласны аддзел аховы здароўя для правядзеньня службовай праверкі і ліквідацыі выяўленых у ходзе гэтай праверкі недахопаў (з пастановы аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы).
Выходзіць, міліцыя ўсё ж нейкія «недахопы» выявіла. Але, як сьцьвярджае доктар Пастноў, ён да гэтых спраў ніякага дачыненьня ня мае. Ён дбае пра неэфэктыўнае выкарыстаньне бюджэтных сродкаў. Аднак варта заўважыць, што любыя «недахопы» у бюджэтнай сфэры - гэта не ёсьць добра. Ці ня з гэткіх «недахопаў» складваюцца мільярды? Значыць, у Пастнова ёсьць аднадумцы, праўда, не з адкрытым забралам, у адрозьненьне ад яго.
27 лістапада 2012 году галоўны ўрач ДУЗ «ВГЦП» С. І. Цітовіч апавясьціў, пад подпіс, свайго калегу, што яму неабходна зьявіцца ў кадравую службу за працоўнай кніжкай. Ігар Аляксеевіч спрабаваў даведацца прычыну непадаўжэньня кантракту, але галоўны ўрач растлумачыў, што паводле закону не патрабуецца ад працадаўцы «ламаць шапку» перад звольненым работнікам. «Пакажыце хоць адзін загад аб маёй неадпаведнасьці як лекара», - спрабаваў «дастукацца» да сэрца галоўнага ўрача падначалены. Але дарэмна.
Урач-пэдыятар Ігар Аляксеевіч Пастноў сьцьвярджае, што ўсе беды, што звальліся на ягоную галаву, зыходзяць ад губэрнатара, якога ён бяз стомы крытыкуе. «Нават калі давядзецца ўзяць мятлу ў рукі замест фанэндаскопу, усё адно не перастану казаць праўду пра становішча ў нашай мэдыцыне», - заключае Пастноў. І просіць агучыць ягоны зварот да губэрнатара Віцебскай вобласьці Аляксандра Косінца. Што мы і робім.