У складзе дэлегацыі было 19 чалавек, сярод якіх - войты гмінаў і старшыня ўправы Зьвязу сельскіх гмінаў ваяводзтва, бургамістры шэрагу гарадоў і іншыя. Зацікаўленасьць у візыце палякаў была ў абодвух бакоў, таму ў далейшым дзелавым супрацоўніцтве сумнявацца не выпадае.
Падчас знаёмства старшыня Мёрскага райвыканкаму Ігар Кузьняцоў распавёў замежным гасьцям пра свой край, яго прыроду, не абмінуў і тэму абнаўленьня вытворчасьці. Акрамя таго, кіраўнік раёну спадзяецца, што ў будучыні бакі будзе зьвязваць моцнае дзелавое супрацоўніцтва.
Польскі бок у асобе амбасадара адзначыў сваю задаволенасьць тым, як у гэтым рэгіёне разьвіваецца «дыпляматыя мясцовых уладаў», напаўненьнем якой можа паслужыць канкрэтыка. Паводле яго слоў, палякі зь цікавасьцю назіраюць за тым, што адбываецца ў нашай краіне, і хочуць знайсьці кропкі судакрананьня ў розных сфэрах, але ў першую чаргу гэта тычыцца эканамічнай і турыстычнай.
У межах візыту суседзі праехалі па вуліцах раённага цэнтру, а на плошчы Памяці загінулых змагароў у Мёрах усклалі вянок і жывыя кветкі да помніку воінам, якія загінулі падчас вызваленьня рэгіёну. Зь вялікай цікавасьцю госьці наведалі каменную калёну ў Лявонпалі, якая ўсталяваная там у гонар Канстытуцыі Рэчы Паспалітай 1791 году. Будучыня мэмарыяльнай калёны таксама была закранутая ў працэсе абмеркаваньня беларускім і польскім бакамі.
Па выніках візыту Ігар Кузьняцоў падкрэсьліў, што з Конрадам Паўлікаў дасягнутая дамоўленасьць пра фінансаваньне польскім бокам работ па рэканструкцыі гэтай калёны, выкананых беларусамі.
Таксама старшыня райвыканкама паведаміў, што Польшча зацікаўленая арганізаваць з рэгіёнам супольную перапрацоўку ягад і гародніны, акрамя гэтага палякі праявілі цікавасьць да беларускай дрэваапрацоўкі і піламатэрыялаў.
Фота: mijory.by